2021-09-22
Зала Кангрэсу ЗША.

У Хельсінкскай камісіі Кангрэса ЗША адбыліся слуханні па беларускім пытанні пад назвай «У пошуках справядлівасці і свабоды ў Беларусі».

З боку дэмакратычных сіл Беларусі выступілі сястра Марыі Калеснікавай, прадстаўніца Каардынацыйнай рады па пытаннях палітвязняў Таццяна Хоміч, аналітык iSANS Сяргей Харытонаў, а таксама прадстаўнік Ціханоўскай па прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі. 

Спікеры казалі пра пераслед уладамі удзельнікаў пратэстаў, пра становішча зняволеных і жорсткае абыходжанне з імі, пра парушэнне правоў на абарону і пераслед адвакатаў, пра узмацненне жорсткасці заканадаўства. Камісіі таксама слухала даклад пра выкарыстанне дзяржаўнымі СМІ «мовы варожасці», пра заклікі да фізічнай расправы над апанентамі. Эксперты падкрэсліваюць, што ў цяперашні час беларускія дзяржСМІ транслююць крамлёўскі дыскурс, прапагандуюць ідэі так званага «рускага свету». Былі дадзены рэкамендацыі, каб платформы Google і YouTube не выводзілі ў трэнды прапаганду рэжыму і маглі блакаваць рэжымныя каналы за мову варожасці і заклікі да гвалту. На слуханнях таксама ўздымалася пытанне міграцыйнага крызісу і падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі з боку Расеі.

Як заявіў падчас свайго выступу былы памочнік дзяржсакратара ЗША Дэвід Крэмер, сітуацыя ў Беларусі – гэта своеасаблівы тэст для ўсяго дэмакратычнага свету. Дэвід Крэмэр заклікаў ўвесці новыя санкцыі ў дачыненні да «гаманцоў беларускага рэжыму» ў краінах Персідскага заліву. Паводле яго слоў, партнёры Злучаных Штатаў у гэтым рэгіёне павінны быць пастаўленыя перад выбарам: альбо гандаль з ЗША, альбо гандаль з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Прапанова Крэмера звязана з наяўнай у амерыканскіх уладаў інфармацыяй пра тое, што сям’я Лукашэнкі захоўвае ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах прыбыткі, якія былі атрыманы карупцыйным шляхам.

Даклады і доказы экспертаў могуць стаць дадатковай падставай для новых санкцыйных рашэнняў ЗША.