У Мінску КДБ затрымаў траіх грамадскіх дзеячаў

КДБ Беларусі затрымаў філосафа Уладзіміра Мацкевіча, грамадскага актывіста Улада Вялічку і кіраўніцу некамерцыйнай ініцыятывы «Лятучы ўніверсітэт» Таццяну Вадалажскую. Усе трое маюць дачыненне да міжнароднай грамадскай арганізацыі «ЕўраБеларусь». Створаная ў 2007 годзе і зарэгістраваная ў Літве ў 2009 годзе, «ЕўраБеларусь» з’яўляецца нацыянальным каардынатарам Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства па Беларусі. Місія арганізацыі – падтрымка «праеўрапейскага развіцця Беларусі як паўнапраўнага суб’екта еўрапейскіх адносін на ўсіх магчымых узроўнях». Нядаўна Мацкевіч быў у эфіры Еўрарадыё. Ён разважаў пра тое, як можна захаваць сябе ва ўмовах татальных «зачыстак».

Таццяна Вадалажская затрыманая на 10 дзён у межах крымінальнай справы. На волю таксама не выйшаў і Уладзімір Мацкевіч. Улада Вялічку адпусцілі, але заўтра ён мусіць з’явіцца на допыт у Следчы камітэт.

З сярэдзіны дня не выходзіць на сувязь каляжанка Уладзіміра Мацкевіча і Таццяны Вадалажскай сацыёлаг Аксана Шэлест. Магчыма, яна таксама затрыманая.

Таксама сёння быў затрыманы адзін з намеснікаў старшыні партыі «Беларускі Народны Фронт» Юрась Меляшкевіч.

Back to top button