У Вільні адбылася акцыя салідарнасці з ахвярамі рэпрэсіяў у Беларусі

Як паведамляе Белсат, акцыя Ланцуг салідарнасці з ахвярамі новага вітка рэпрэсій у Беларусі адбылася 28 студзеня ў Вільні. Некалькі дзясяткаў чалавек выстраіліся ў ланцуг уздоўж праспекта Гедыміна ў цэнтры Вільні, каб выказаць сваю салідарнасць з сваякамі палітзняволеных, у якіх прайшлі ператрусы і затрыманні.

Нагадаем, 23 студзеня па ўсёй Беларусі супрацоўнікі КДБ учынілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманні сваякоў і блізкіх палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных, якія нядаўна выйшлі з месцаў зняволення і заставаліся жыць у краіне.

Па папярэдняй інфармацыі, прычынай зацікаўленасці з боку КДБ стала дапамога семʼям палітвязняў ад ініцыятывы INeedHelpBY, якую, як і іншыя арганізацыі, улады зусім нядаўняе прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. У пастановах на ператрусы былі пазначаныя такія артыкулы Крымінальнага кодэксу РБ, як фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці і ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні.

Па інфармацыі Вясны, усяго ў рамках рэйду сілавікоў пад пераслед сваякоў палітвязняў трапілі мінімум 160 чалавек.

Back to top button