Aсацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой правяла вялікую калядную сустрэчу

21 снежня ў Варшаве адбылася вялікая калядная сустрэча беларусаў замежжа. Упершыню на пляцоўцы, арганізаванай Асацыяцыяй беларускага бізнесу за мяжой, сустрэліся некалькі беларускіх ініцыятыў: Фонд салідарнасці BYSOL, Беларуская Рада Культуры, Дом Творцаў і Асацыяцыя Беларусаў у Амэрыцы (АВА).

Падчас сустрэчы адбылася вельмі значная падзея – ініцыятывы аб’ядналіся, каб разам узяць удзел у акцыі BYSOL Трэба цуды? Зробім цуды!, прысвечанай збору сродкаў на калядныя падарункі дзеткам палітвязняў. Таксама ў рамках акцыі прайшоў дабрачынны аўкцыён. Прыемна адзначыць, што многія дзеячы культуры і творцы заявілі пра жаданне выставіць на продаж свае работы. Сярод лотаў былі прадстаўленыя працы вядомых беларускіх творцаў:

● Плакат Уладзіміра Цэслера Правільным курсам… з подпісам аўтара;

● Карціна Знак болю ад мастачкі Cemra;

● Праца Утро в лесу мастака Аляксандра Бельскага, чые карціны знаходзяцца ў тым ліку ў калекцыі Віктара Бабарыкі;

● Карціна Студзеньскі гіль з серыі Птушкі з народам мастака Антона Радзівонава.

Крыніца: t.me/domtvorcau

Усяго на аўкцыёне было прадстаўлена больш за дваццаць лотаў, агульная сума ад продажу якіх склала каля 4000 еўра. Усе ўдзельнікі івэнту зрабілі данаты больш за 2000 еўра агулам. Частка сродкаў будзе накіраваная рэпрэсаваным дзеячам культуры, але асноўная доля пойдзе на падтрымку сем’яў палітвязняў.

Вялікая калядная сустрэча – гэта яшчэ адно пацверджанне таго, што нават у складаных абставінах прадстаўнікі беларускай дыяспары яднаюцца і актыўна падтрымліваюць тых, хто больш за ўсіх сёння мае патрэбу ў апецы. Прыемна адзначаць, што беларускі бізнес замежна – сацыяльна адказны і клапоціцца не толькі аб уласным развіцці, але і аб тых, каму дапамога сёння жыццёва неабходная.

Крыніца: t.me/domtvorcau

Back to top button