“Беларусь — не ядзерная звалка Расіі”. Ціханоўская — пра “дзень яднання з Расіяй”

Законна абраная прэзідэнтка і кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская запісала відэазварот да так званага “дня яднання народаў Беларусі і Расіі”, які адзначылі дыктатары дзвюх краін 2 красавіка.

“Па ўсёй Беларусі зноў вісяць сцягі чужой краіны, якая пачала вайну ў цэнтры Еўропы, якая штодзень забівае мірных жыхароў Украіны і пагражае нашай з вамі бяспецы і незалежнасці. Дык якое яднанне мы павінны адзначаць і навошта яно патрэбнае беларусам? Здаецца, гэтае яднанне патрэбнае Лукашэнку і Пуціну, каб ператварыць Беларусь у ядзернае сховішча Расіі. Пад выглядам “яднання народаў” яны вучацца адзін ў аднаго, як прыгнятаць народ. Яны зрабілі Беларусь палігонам для расійскай вайсковай агрэсіі і вырашылі прывезці на нашую зямлю ядзерную зброю, каб зладзіць у Беларусі другі Чарнобыль”, — заяўляе Ціханоўская.

Святлана падкрэсліла, што 25 сакавіка Пуцін абвясціў пра размяшчэнне ў Беларусі ядзернай зброі. “У Крамлі выдатна разумеюць, што ядзерныя склады — гэта мішэні для ракет. І таму размясціць гэтыя склады вырашылі не побач са сваімі бункерамі і рэзідэнцыямі, а ля дамоў беларусаў. Каля вёсак і мястэчак, дзе жывуць людзі, якія заўсёды былі супраць вайны, супраць ядзернай зброі, супраць дыктатараў і іх фантазій аб вялікай імперыі”.

“Беларусь — не ядзерная сметніца Расіі. Не палігон, не губерня і не кавалачак зямлі. Беларусь — гэта суверэнная дзяржава і свабодны беларускі народ. Нам не блізкія імперскія ідэі. Беларусам не патрэбная ні Саюзная дзяржава, ні АДКБ, якія прыводзяць да размяшчэння ядзернай зброі ў нашай краіне. Свабодная Беларусь адкрые для сябе супрацу з Еўропай. Беларусь будзе далучацца і ствараць такія саюзы, якія абараняюць жыцці, бяспеку і дабрабыт беларусаў, а не ставяць пад пагрозу будучыню нашых дзяцей”.

Нагадаем, што раней Лідэрка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская ў сваім твітары заклікала міжнародную супольнасць увесці “адэкватныя і жорсткія” санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі і Пуціна і запатрабаваць вываду расійскіх вайскоўцаў з тэрыторыі нашай краіны. А прадстаўнік Кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы Валер Сахашчык пракаментаваў “Белсату”, што “варта рабіць такія крокі, каб расійскім войскам было некамфортна знаходзіцца ў Беларусі”.

Back to top button