Падрабязнасці аблавы на салідарных з палітвязнямі

Як паведамлялася раней, па ўсёй Беларусі 23 студзеня супрацоўнікі КДБ правялі масавыя ператрусы, допыты і затрыманні сваякоў і блізкіх палітвязняў, а таксама былых палітвязняў, якія нядаўняе выйшлі з месцаў зняволення і заставаліся жыць у краіне. Па звестках “Нашай Нівы, аблава закранула нашмат болей людзей, чым меркавалася раней. Пад хапун патрапілі нават тыя, хто проста пісаў лісты палітвязням.

Затрыманням папярэднічалі спробы ўзлому тэлеграм-акаўнтаў сваякоў палітвязняў і тых, хто дапамагаў палітвязням. Адбывалася гэта за тры дні да таго, як стала вядома пра хапун. Затрыманыя 23 студзеня распавядаюць, што на гэты дзень следчыя былі ўжо стомленыя і між сабой казалі, што «не спалі чатыры дні».

Таксама гучала і лічба затрыманых, якіх трэба адпрацаваць — 700 чалавек. Незразумела, праўда, гаворка ішла пра ўсю Беларусь або пра нейкі рэгіён. Прадстаўніца фонда Краіна для жыцця Вольга Зазулінская казала, што, па іх звестках, па справе працуюць 174 следчыя.

Вядома таксама, што большасць людзей адпускалі пасля адносна непрацяглых допытаў. Найперш кэдэбістаў цікавіла тое, праз якія крыніцы палітвязні і іх сем’і атрымліваюць дапамогу, а таксама хто сістэмна дапамагае вязням унутры Беларусі.

Прынамсі аднаго з затрыманых абвінавацілі ў тым, што ён атрымліваў грошы на картку і пасля перадаваў іх сем’ям палітвязняў, а таксама слаў ім пасылкі. Адметна, што гэта былі грошы не з фондаў, а ад сяброў і знаёмых, але гэта ні на што не паўплывала. Наколькі вядома, цяпер гэты чалавек у СІЗА.

Большая частка затрыманых падчас аблавы — гэта непублічныя пажылыя жанчыны. Яны не сваякі палітвязняў і не актывісты, проста дапамагалі тым ці іншым чынам палітвязням. Напрыклад, у СІЗА змясцілі 61-гадовую гамяльчанку Алену Тоцкую, якая некалі была судовай валанцёркай і хадзіла на палітычныя суды ў Гомелі.

Самай пажылой з вядомых затрыманых 82 гады.

Адзін з суразмоўцаў расказаў, што з ім у КДБ была бабуля, якая некаму пералічыла пару разоў па пяць рублёў.

Некаторых затрымлівалі і за напісанне лістоў. Стала вядома, што заказныя лісты ў СІЗА і калоніі адсочваюцца, а адпраўнікі запісваюцца. Тое самае цяпер робяць і з пасылкамі. Прынамсі, так робяць з вядомымі палітвязнямі. Гэтыя спісы СІЗА і калоніі перадалі кэдэбістам.

Яшчэ адной характэрнай рысай стала тое, што многім затрыманым не вярнулі пашпарты. Імаверна, гэта робіцца, каб людзі не маглі выехаць з краіны і баяліся размаўляць з праваабаронцамі ды медыя.

Back to top button