Гісторыі беларускіх валанцёраў ва Украіне

Сотні беларусаў, якія пераехалі ва Украіну, ратуючыся ад палітычных рэпрэсій у Беларусі, пасля пачатку вайны вырашылі застацца ва Украіне і дапамагаць людзям: хто ў якасці валанцёраў, хто ў тэраабароне і на фронце. Выданне MOST паразмаўляла з некалькімі валанцёрамі.

Вольга (імя зменена) з мужам, маленькай дачкой і 68-гадовай мамай пераехала з Мінска ў Кіеў у 2020 годзе. Калі пачалася вайна, у сям’і была магчымасць эвакуявацца, але яны вырашылі прынцыпова гэтага не рабіць, а застацца дапамагаць людзям, якія гасцінна прынялі іх у сваёй краіне. Спачатку Вольга з мамай дапамагалі будаваць барыкады, заклейваючы мяшкі з пяском. Цяпер яны дапамагаюць на кухні для воінаў-добраахвотнікаў. Яна верыць, што ўсё будзе добра: “Вельмі хочацца, каб Украіна справілася”.

З 24 лютага актывісты антыфашысцкага руху арганізавалі ініцыятыву “Аперацыя Салідарнасць” для збору гуманітарнай дапамогі і сродкаў для байцоў і ўцекачоў. Цяпер у іх ёсць склад у Кіеве, якім кіруе 38-гадовы IT-спецыяліст Ігар з Беларусі. Ён прыехаў у Кіеў у лістападзе 2020 г. і не захацеў з’яжджаць з Украіны пасля пачатку вайны, вырашыў дапамагаць, чым зможа. Паводле яго слоў, ён разумеў, што Украіна будзе супраціўляцца і мае шансы на перамогу. Яшчэ да пачатку вайны ён абмяркоўваў з сябрамі, хто чым будзе займацца, калі ўсё ж вайна пачнецца. “Мы пачалі выбудоўваць план, таму калі пачалася вайна, у нас ужо было разуменне, хто што робіць, былі наладжаны сувязі з еўрапейскімі антыфашысцкімі структурамі”, – адзначае Ігар.

Беларуска Аксана пераехала ў Кіеў у красавіку 2021 года. Яна жыла ў Харкаве з мужам-украінцам некалькі месяцаў да пачатку вайны. На момант пачатку вайны яна знаходзілася ў Вільні, але ў сакавіку Аксана вярнулася ва Украіну, бо «не здолела проста назіраць». Дзяўчына паехала ў Львоў і стала дапамагаць уцекачам. «Калі я на ўласныя вочы ўбачыла гэтых людзей, адчула вялікі боль за іх, за дзяцей, за жывёл. Я валанцёрыла практычна кожны дзень, прыкладна па 4-5 гадзін», – распавядае Аксана. У пачатку красавіка яна вярнулася ў Харкаў, дзе цяпер жыве ў бамбасховішчы. Там яна дапамагае з гатаваннем і ўборкай, а таксама робіць стрыжкі.

Пасля пратэстаў 2020 года Ўкраіна для многіх беларусаў стала краінай, куды ўцякалі пацярпелыя ад рэжыму Лукашэнкі. Немагчыма ўстанавіць дакладную лічбу беларусаў, якія пераехалі ва Украіну, бо беларусы могуць знаходзіцца на тэрыторыі Украіны 180 дзён без легалізацыі. Паводле дадзеных украінскай памежнай службы, толькі з жніўня 2020 года па жнівень 2021 г. мяжу з Украінай перасеклі 100 тысяч беларусаў.

Back to top button