На Генасамблеі ААН прэзідэнты Польшчы, Літвы, Латвіі і Славакіі выступілі супраць рэжыму Лукашэнкі

У Нью-Ёрку праходзіць 76-я сесія Генасамблеі ААН. Адной з тэм, якую ўздымалі лідэры замежных краін, была менавіта Беларусь.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн сказаў у сваім выступе, што дэмакратычны свет жывы ў мірных дэманстрантах у Беларусі: «Будучыня за тымі, хто разнявольвае патэнцыял народаў, а не душыць яго. Будучыня будзе належаць тым, хто дасць народу свабодна дыхаць, а не тым, хто задушвае свае народы. Аўтарытарныя кіраўнікі сцвярджаюць, што ў свеце скончана з дэмакратыяй. Але яны памыляюцца. Ісціна ў тым, што дэмакратычны свет паўсюдна жывы ў антыкарупцыйных актывістах, праваабаронцах, журналістах, у мірных дэманстрантах у Беларусі, М’янме, Кубе, Венесуэле і ў іншых краінах».

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што каля 150 тысяч беларусаў за апошні час выехалі ў Польшчу і заклікаў сусветную супольнасць да большай салідарнасці з беларусамі. «Я гавару ўсё гэта як лідэр краіны, дзе каля 150 тысяч беларусаў атрымалі прытулак і працу, у тым ліку тысячы пратэстуючых. Нядаўна я сказаў нашым беларускім братам, што яны вітаюцца, і што Польшча будзе іх домам да таго часу, пакуль яны будуць лічыць гэта мэтазгодным і неабходным. Я цвёрда прытрымліваюся гэтых слоў», – сказаў ён.

Анджэй Дуда адзначыў, што са жніўня мінулага года тысячы беларусаў, выходзячы на мірныя акцыі пратэсту, сутыкаліся з дубінкамі, слёзатачывым газам і нават кулямі. Таксама Дуда праінфармаваў Генасамблею аб прысудах, вынесеных Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку і нагадаў аб затрыманых беларускімі ўладамі прадстаўніках польскіх меншасцяў – Анжаліку Борыс і Анджэя Пачобута – і сотнях іншых палітвязняў. «Мы патрабуем іх вызвалення і большай салідарнасці міжнароднай супольнасці з народам Беларусі, які проста хоча сумленнай дзяржавы, сумленнай дэмакратыі», – сказаў ён. Таксама Дуда абвінаваціў беларускія ўлады ў арганізацыі міграцыйнага крызісу на межах з Еўразвязам.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў сваёй прамове заклікаў аказаць ціск на беларускі рэжым. Ён абвінаваціў Мінск у гібрыднай атацы, арганізаванай у выглядзе міграцыйнага крызісу, а таксама закрануў эксплуатацыю БелАЭС. Науседа лічыць, што дзеянні беларускіх уладаў могуць уплываць і на міжнародную бяспеку. Ён нагадаў аб інцыдэнце з самалётам Ryanair, параўнаўшы яго з актам фундаванага дзяржавай тэрарызму. «Вось ужо некалькі месяцаў Літва сутыкаецца з беспрэцэдэнтным гібрыдным нападам. Штучна ствараючы і накіроўваючы плыні нелегальнай міграцыі, Беларусь імкнецца аказаць палітычны ціск на Еўрапейскі саюз», – перадае прэс-служба літоўскага прэзідэнта ягоныя словы. Науседа заявіў, што Літва рашуча адхіляе гэтую спробу пасеяць разлад і заклікаў ААН заняцца вырашэннем гэтага пытання.

Прэзідэнт Латвіі Эгілс Левітс у сваім выступе на Генасамблеі ААН заклікаў правесці новыя, свабодныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ў прысутнасці міжнародных назіральнікаў. «На працягу апошняга года Латвія таксама ўважліва сачыла за драматычным развіццём падзей у суседняй з ёй краіне – Беларусі, дзе жорстка падаўляюцца спробы грамадства прыняць рашэнне аб будучыні сваёй краіны. Латвія рашуча асуджае дзеянні рэжыму Лукашэнкі супраць беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і журналістаў», – сказаў Левітс.

Прэзідэнтка Славакіі Зузана Чапутова таксама ўзняла беларускае пытанне. «Мы павінны зрабіць дэмакратыю больш устойлівай, падтрымліваючы тых, хто змагаецца за асноўныя правы, у тым ліку свабоду слова і права на сходы. Грамадзяне павінны мець права на свабоду выказвання меркавання, асабліва ў Беларусі, дзе 650 чалавек пераследуюцца ў палітычных судах, або ў акупаваным Крыме, Венесуэле, Расіі», – заявіла Чапутава.

Back to top button