25 сакавіка — Дзень Волі, які (не) адзначаюць у Беларусі

Дзень Волі існуе ўжо больш за стагоддзе, але пры гэтым фактычна забаронены ў Беларусі. Чаму гэтая сімвалічная дата так непакоіць рэжым Лукашэнкі і так важная для беларускай дыяспары? Даследчык беларускай мовы і культуры, доктар Патэрсан Франко Коста тлумачыць складаную гісторыю гэтай даты, якую бывае цяжка зразумець нават самім беларусам. 

Народная легенда апавядае, што Беларусь існуе з спрадвечных часоў, калі Пярун ударыў маланкай у камень і ажывіў яго. Аднак толькі раніцай 25 сакавіка 1918 года свет упершыню ўбачыў з’яўленне незалежнай краіны з такой назвай. Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчана ў разгар Першай сусветнай вайны, калі атрымалі незалежнасць і некаторыя іншыя краіны Еўропы, напрыклад, Украіна, Польшча, Фінляндыя і Ірландыя. Аднак, у адрозненне ад іх, БНР праіснавала нядоўга. Прынамсі, тэрытарыяльна. У 1920 годзе яе ўраду, Радзе, давялося ўцякаць ад расійскага ўварвання на ўсходзе і польскага на захадзе. З таго часу ён існуе як найстарэйшы ў свеце ўрад у выгнанні.

Сябры ўстаноўчай рады БНР, 1918 г. Крыніца: Рада БНР

Дык якое ж значэнне мае 25 сакавіка для беларускага народа?

Нягледзячы на сваё неспакойнае і, па сутнасці, нядоўгае існаванне, БНР мела вырашальнае значэнне ў будаўніцтве беларускай нацыі. Не будзе перабольшаннем сказаць, што без яе цяперашняй Рэспублікі Беларусь не было б. Да савецкай акупацыі Беларусь знаходзілася пад акупацыяй Расійскай імперыі ў выглядзе розных губерняў, якія маглі б быць падзелены паміж суседнімі савецкімі рэспублікамі. Дзякуючы БНР гэтага не адбылося. Пад шматвяковымі нацыянальнымі сімваламі — бел-чырвона-белым сцягам і гербам “Пагоня” — беларускі народ аб’яднаўся і паказаў свету, што заўсёды будзе змагацца за сваё права на існаванне.

Цікава адзначыць, што гэтыя сімвалы ўзыходзяць да Вялікага княства Літоўскага, адной з найбуйнейшых еўрапейскіх дзяржаў усіх часоў, дамінуючай мовай якой была беларуская. Пазней ВКЛ аб’ядналася з Каралеўствам Польскім, сфарміраваўшы такім чынам ваенна-палітычны саюз, вядомы як Рэч Паспалітая двух народаў. Гэты саюз быў заснаваны на агульных інтарэсах узаемнай абароны ад пагроз як з Захаду (ад тэўтонцаў), так і з Усходу (ад маскавітаў). Такім чынам, нацыянальная ідэя БНР заснавана на дыскурсе, які існаваў задоўга да расійскага ўварвання, дапоўненым прыняццем дэмакратычных каштоўнасцяў, свабоды выказвання меркаванняў і рэлігіі, сярод іншых прынцыпаў, агульных з іншымі заходнімі краінамі.

Варожыя такім прынцыпам, бальшавікі паспрабавалі знішчыць БНР, як толькі акупавалі тэрыторыю Беларусі, у 1920 годзе. На яе месцы яны стварылі Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку, або БССР, у спробе сцерці беларускую гісторыю і ідэнтычнасць, каб потым перапісаць іх ў адпаведнасці з маскоўскімі інтарэсамі. Згодна з гэтым дыскурсам, беларускі народ узнік у выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі, з сельскага насельніцтва, якое не мае гісторыі. Яго сімвалы былі заменены чырвона-зялёным сцягам і гербам савецкага ўзору. Бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” былі адноўлены толькі праз дзесяцігоддзі, калі распаўся СССР, але зноў жа ненадоўга.

1994 год і дэмакратыя, якая яшчэ не наступіла

У 1994 годзе у Беларусі з’явіўся першы дэмакратычна абраны прэзыдэнт. Кіруючыся савецкім дыскурсам, Аляксандр Лукашэнка вярнуў сімволіку БССР, крыху змяніўшы яе, і ініцыяваў шэраг палітычных змен, якія далі яму практычна неабмежаваныя паўнамоцтвы, у тым ліку каб наблізіць Беларусь да ўсходняга суседа. Адной з такіх зменаў стала фактычная забарона на святкаванне 25 сакавіка. Да таго ж, Беларусь — адзіная краіна ў свеце, дзе да гэтага часу адзначаецца дзень кастрычніцкай рэвалюцыі, з масавымі гуляннямі, і ўсё гэта пад кантролем КДБ, яшчэ адной савецкай рэліквіі, якая захавалася толькі ў Беларусі.

З іншага боку, беларуская дыяспара адзначае Дзень Волі па ўсім свеце, дзе няма кайданоў рэжыму Лукашэнкі. Канцэрты, шэсці, культурныя, спартыўныя і акадэмічныя мерапрыемствы праходзяць адначасова ва ўсіх кутках свету, несучы пасланне надзеі і адзінства людзям, якія вераць, што дэмакратыя і правы чалавека ў Беларусі перамогуць.

Back to top button