Бізнесмен Аляксандр Васілевіч выйшаў на волю

4 лютага 2022 года выйшаў на волю палітвязень медыя-менеджэр і галерыст Аляксандр Васілевіч. Суд адбываўся ў закрытым рэжыме. Васілевіча асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму нібыта за ўхіленне ад выплаты падаткаў, але вызвалілі проста ў залі суда. Паводле юрыстаў, у асуджанага «сышоў тэрмін прыцягнення да адказнасці».

Першы раз бізнэсоўца затрымалі 28 ліпеня 2020 года, калі ён прыйшоў у КДБ, каб падаць хадайніцтва аб змене меры стрымання Віктару Бабарыку. 30 ліпеня суд Фрунзенскага раёну Менска прысудзіў яму 14 содняў арышту. У канцы жніўня 2020 года супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў правялі ператрусы ў офісе і дома ў Васілевіча, пасля чаго яго ўзялі пад варту.

Ён быў удзельнікам нашумелай сустрэчы зняволеных бізнесменаў і апазіцыянераў з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ у кастрычніку 2020 года. Анлайн-выданні KYKY.org і «The Village Беларусь», сузаснавальнікам якіх з’яўляецца Васілевіч, былі заблакаваныя ў Беларусі ў снежні 2020 года.

Падчас зняволення ён стаў лаурэатам літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча за зборнік казак «Тата і пінгвін», якія ён напісаў для сваёй дачкі Адэлі ў СІЗА. У гэтых казках Васілевіч распавядае дзецям пра свой турэмны побыт і тлумачыць складаныя паняцці кшталту «кагнітыўнага дысанансу». Вось адзін з урокаў, які дае Васілевіч дзецям вуснамі героя казкі: «Змрок і нудота вакол. А ты робіш нешта добрае, няхай і няшмат. Добрыя ўчынкі. І святла становіцца больш. Свет мяняецца. Няхай не так хутка, як усе хочуць».

Back to top button