Швейцарыя накіруе амбасадарку ў Беларусь

Швейцарыя плануе ў бліжэйшы час накіраваць у Мінск сваю амбасадарку Крысціну Хонегер Залатухін, якая першай з дыпламатаў заходніх дзяржаў перадасць даручныя граматы Лукашэнку пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года.

МЗС Швейцарыі пацвердзіла інфармацыю на запыт выдання Zerkalo.io, удакладніўшы, што перадача даручных грамат не лічыцца актам прызнання легітымнасці Лукашэнкі. «Наша новая амбасадарка будзе імкнуцца данесці да Беларусі ключавыя патрабаванні Швейцарыі. Гэта, у прыватнасці, вызваленне ўсіх адвольна затрыманых асоб, расследаванне сур’ёзных выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання, а таксама свабода слова», – пракаментаваў афіцыйны прадстаўнік МЗС Валянтэн Кліваз.

Эксперты лічаць, што за гэтым стаіць імкненне дапамагчы палітзняволенай Наталлі Хершэ, грамадзянцы Беларусі і Швейцарыі. Яе асудзілі на 2,5 гады зняволення за сарваную з амапаўца балаклаву падчас аднаго з жаночых маршаў. Спадарыня Хершэ неаднаразова абвяшчала галадоўкі, пратэстуючы супраць невыносных умоў утрымання. Апошняя з іх завяршылася ўчора, 2 лютага, пасля перамоваў з адміністрацыяй турмы. Актывістку некалькі разоў угаворвалі напісаць на імя Лукашэнкі «прашэнне аб памілаванні». Але яна адмаўляецца гэта рабіць, бо лічыць сябе невінаватай.

Back to top button