2021-07-20
Вераніка Цапкала і сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч у Вормсе.

У нямецкім горадзе Вормс Марыі Калеснікавай, Святлане Ціханоўскай і Вераніцы Цапкала ўручылі прэмію «Бясстрашнае слова».

«Гэтыя тры жанчыны выступаюць ад імя тысяч удзельнікаў мірных пратэстаў, якія змагаюцца за палітычныя змены ў Беларусі. Яны выступаюць за мірную рэвалюцыю, новыя выбары і дэмакратычную будучыню краіны», – гаворыцца ў абгрунтаванні журы.

У ліпені 2020 года падчас перадвыбарнай кампаніі з ініцыятывы Ціханоўскай, Цапкала і Калеснікавай адбылося аб’яднанне трох штабоў апазіцыі. Праз год Марыя Калеснікава апынулася ў зняволенні (на прэміі яе прадстаўляла сястра Таццяна Хоміч), а дзве іншыя апазіцыянеркі – у вымушанай эміграцыі.

«Мая цудоўная краіна, мая Беларусь, няма сумневаў, што мы пераможам», – з упэўненасцю адзначыла Вераніка Цапкала ў сваёй прамове.

Міністарка федэральнай зямлі Райнланд-Пфальц Анне Шпігель падчас цырымоніі ўручэння прэміі заклікала пашырыць праграму дапамогі беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Раней улады Германіі заявілі, што гатовыя прыняць да 50 беларусаў, якія пераследуюцца ўладай.