Беларусы ў выгнанні: нябачная праблема

Паводле ацэнак ПАРЕ ад 200 да 500 тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну ў выніку палітычных рэпрэсій пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года. Усіх іх аб’ядноўвае адно жаданне: як мага хутчэй вярнуцца ў дэмакратычную Беларусь. Некаторыя эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што да беларусаў, якія ўцяклі ад рэпрэсій, варта ўжываць тэрмін “палітычна перамешчаныя асобы”.

Поль Галес быў прызначаны Камітэтам Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы па міграцыі, уцекачах і перамешчаных асобах для падрыхтоўкі дакладу “Вырашэнне канкрэтных праблем, з якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнанні”. На апошнім паседжанні камітэта 24 студзеня выступілі дарадца Святланы Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр і беларускі праваабаронца Валдзіс Фугаш.

Эксперты агучылі праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнанні. Рэпрэсіі беларусаў унутры краіны ўзмацняюцца: нацыянальная сімволіка, усё большая колькасць незалежных СМІ і НДА прызнаецца экстрэмісцкімі. Праз змены ў заканадаўстве беларусы ў выгнанні рызыкуюць застацца без грамадзянства. Эксперты таксама асвятлілі такія праблемы беларускіх мігрантаў, як праблемы легалізацыі, інтэграцыі ў грамадства, немагчымасць звярнуцца па медыцынскую ці псіхалагічную дапамогу, немагчымасць вяртання ў Беларусь грамадзянскіх актывістаў і людзей, якія крытыкуюць вайну ва Украіне і дзеянні беларускага рэжыму.

Эксперты заклікалі спрасціць працэдуры выдачы візаў і ВНЖ для беларусаў, вымушаных пакінуць краіну праз палітычны пераслед.

Back to top button