Латвія, Літва і Польшча абвінавачваюць Беларусь у гібрыднай атацы

Мігранты з краін Блізкага Усходу і Афрыкі працягваюць спробы трапіць у Літву, Латвію і Польшчу з тэрыторыі Беларусі. «Незаконныя перасячэння мяжы, якія мы назіраем на ўсходніх межах ЕС, з’яўляюцца беспрэцэдэнтнай і абуральнай гібрыднай атакай на Еўрасаюз з боку рэжыму Лукашэнкі», – заявіла парламенцкая сакратарка МЗС Латвіі Занд Калнін-Лукашэвіца на слуханнях камітэта па замежных справах Еўрапарламента.

У сувязі з цяперашняй сітуацыяй балтыйскія палітыкі і еўрадэпутаты выказаліся за ўзмацненне санкцый. Прадстаўнік знешнепалітычнай службы ЕС Люк Дэвін паведаміў, што Брусэль разам з краінамі ЕС зараз пачынае падрыхтоўку пятага пакета санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

З 2 ліпеня 2021 года ў Літве абвешчаны рэжым экстрэмальнай сітуацыі на мяжы з Беларуссю. Для стрымлівання нелегальных мігрантаў ўздоўж мяжы расцягнулі бар’ер з калючага дроту, таксама прынята рашэнне ўзвесці 508-кіламетровы металічны плот вышынёй не менш за тры метры.

Літва папрасіла задзейнічаць групу падтрымкі НАТО з-за «гібрыднай атакі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі». Спецыялісты павінны прыбыць у Літву ў пачатку верасня.

Паводле дадзеных Дэпартамента статыстыкі Літвы, з пачатку года ў краіне затрымалі больш за 4,1 тыс. мігрантаў, якія незаконна перайшлі мяжу з боку Беларусі, – гэта ў 51 раз больш, чым за ўвесь 2020 год. Большая частка нелегалаў – грамадзяне Іраку.

Варшава таксама занепакоеная ростам патоку нелегальных мігрантаў з боку Беларусі. З пачатку жніўня ў Польшчы было зафіксавана каля 3500 спробаў нелегальна перайсці мяжу з беларускага боку.

Для вырашэння праблемы нелегальнай міграцыі на мяжы з Беларуссю Польшча пачала будаўніцтва плота вышынёй 2,5 метры. А польскі прэзідэнт Анджэй Дуда падпісаў указ аб увядзенні на 30 дзён рэжыму надзвычайнага становішча у двух прыгранічных раёнах. Дакумент паступіць на разгляд парламента, які можа адмяніць рашэнне.

Back to top button