Улады хочуць прызнаць TUT.BY экстрэмісцкім

Месяц таму ў офіс TUT.BY прыйшлі з дэпартаменту фінансавых расследаванняў. Уладальнікі і супрацоўнікі былі затрыманыя, заведзена крымінальная справа. Сёння стала вядома пра патрабаванне з боку МУС Беларусі прызнаць матэрыялы выдання, а таксама яго пасты ў сацсетках экстрэмісцкімі. 3 чэрвеня 2021 года ведамства накіравала ў суд Цэнтральнага раёна Мінска адпаведную заяву, а судовы працэс пройдзе 24 чэрвеня.

TUT.BY лічыць, што калі суд прыме такое рашэнне, яно моцна ўдарыць і па чытачах партала. За 20 гадоў існавання партала мільёны людзей дзяліліся яго публікацыямі, напрыклад, у сацсетках ці на форумах. Калі такія пасты не будуць выдаленыя, то іх могуць прызнаць як распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, бо яны застаюцца даступнымі ў інтэрнэце, нават калі былі апублікаваныя 10 гадоў таму. Такім чынам, практычна любы чытач можа быць асуджаны ў любы момант.

Акрамя таго, прызнанне TUT.BY экстрэмісцкім з’яўляецца велізарнай пагрозай для большасці астатніх СМІ і сайтаў краіны, якія часта перадрукоўвалі або цытавалі матэрыялы партала. На TUT.BY спасылаліся нават дзяржаўныя СМІ, у тым ліку друкаваныя выданні і тэлеканалы. Усе, хто да гэтага датычны, змогуць быць асуджаныя за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, а непажаданыя СМІ – зачыненыя.

З пачатку пратэстаў у жніўні 2020 года Беларусі журналісты сутыкаюцца з моцным ціскам уладаў – іх збіваюць, затрымліваюць, заводзяць на іх крымінальныя справы, адмаўляюць у акрэдытацыі, у тым ліку і прадстаўнікам замежных СМІ. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей распавёў, чаму было адмоўлена ў акрэдытацыі журналістам ТАСС у Мінску, якія раней доўгі час працавалі ў краіне. Ён патлумачыў гэта тым, што яны не адпавядаюць патрабаванням, што прад’яўляюцца ў Беларусі да замежных журналістаў.

Back to top button