Валанцёрская дапамога беларуса на ўкраінска-польскай мяжы

Беларускі журналіст і музыка Ігар Палынскі распавядае ў калонцы для MOST пра сваю валанцёрскую паездку на ўкраінска-польскую мяжу.

Ужо ў першыя дні вайны на украінска-польскай мяжы была зарганізаваная валанцёрская дапамога ўкраінскім уцекачам. Ігар і яго сябры купілі неабходныя рэчы: ежу, напоі, сродкі гігіены. Журналіст вырушыў туды, дзе па яго меркаванні людзям спатрэбіцца яго дапамога. Спачатку ён паехаў з Беластока ў бок Медыкі, дзе знаходзіцца самы загружаны памежны пераход, праз які ўкраінцы трапляюць у Польшчу на машынах, аўтобусах і пешшу. Ігар даехаў да Пшэмысля, бліжэйшага гораду да мяжы, і вырашыў застацца там на начлег.

У чарзе ўцекачоў з Украіны было таксама шмат беларусаў. Тых, хто калісьці быў вымушаны ўцячы ад палітычнага пераследу ў Беларусі. Зараз яны вымушаны ўцякаць з Украіны ад распачатай Пуціным вайны.

Мясцовыя польскія службы арганізавалі для ўцекачоў бясплатны транспарт ад Медыкі да Пшэмысля. А ў Пшэмыслі на паркоўцы каля крамы разбілі сапраўдны лагер для ўцекачоў. Праца ў лагеры вельмі добра арганізавана. Людзі прыносяць вельмі шмат патрэбных рэчаў: вопратку, ежу, напоі, цацкі для дзяцей. Валанцёры дапамагаюць разгружаць і сартыраваць рэчы. Ёсць асобны намёт з кабелямі для зарадкі тэлефонаў, намёт з гарачымі напоямі. Прыкладна кожныя дваццаць хвілін прыязджаюць аўтобусы з мяжы. Да іх падыходзяць людзі з шыльдамі «Варшава», «Германія», «Чэхія», «Літва». Валанцёры-лагісты дапамагаюць уцекачам знайсці транспарт да патрэбнага месца.

Ігар знайшоў пасажыраў, якія хацелі патрапіць у горад Хэлм: маці, дзве дарослыя дачкі і дзяўчынка гадоў шасці. Сям’я прыехала з Кіева. Яны распавялі пра свой шлях у Польшчу. Ігар запытаўся, як яны зараз успрымаюць беларусаў. «Мы сачылі і спачувалі вам, калі быў дваццаты. Вы ж не вінаватыя, што вы голымі рукамі зробіце з Лукашэнкам?» Да звычайных расіян у іх таксама няма нянавісці: «Пуцін – гэта не Расія, а Лукашэнка – не Беларусь». Дзякавалі ўсім, хто выходзіць на вуліцы, каб выказаць сваю салідарнасць з Украінай.

У Хэлме таксама вельмі добра наладжана валанцёрская праца. Туды кожныя некалькі гадзін прыязджае эвакуацыйны цягнік з Львова. У адрозненне ад Пшэмысля ў Хэлме многіх сустракалі іх сваякі альбо знаёмыя. Тых, хто хацеў ехаць да Варшавы, перасаджвалі на прамы бясплатны цягнік. Сярод уцекачоў былі з большага жанчыны з малымі дзецьмі.

Back to top button