Андрэй Дынько: «Гэта я, я вярнуўся з таго свету»
Галоўны рэдактар часопіса «Наша гісторыя» Андрэй Дынько прабыў 13 сутак на Акрэсціна, ён напісаў жыццесцвярджальную калонку. Вось некалькі выняткаў:
«Так, на Акрэсціна сапраўды катавальня. Усё прадумана з мэтай абесчалавечвання чалавека. Але ўсё гэта можна вытрымаць: і фізічна, і маральна чалавек мабілізуецца ў такіх умовах. Так што – спакойна. Я ўпэўнены, што маіх калег таксама не зломяць i не прыломяць».
«Трапіўшы на той свет, я зразумеў, наколькі слаба мы, у СМІ, яшчэ працавалі. Выснова такая: цяпер, калі легальная праца прафесійных журналістаў у Беларусі стала немагчымай, журналістам мусіць стаць кожны беларус».
«У мяне з’явілася новая, самая дарагая мне рэліквія – бутэлька, з якой я піў, з якой я мыўся і на якой я спаў замест падушкі гэтыя 13 начэй».
Дынько быў затрыманы разам з іншымі супрацоўнікамі «Нашай Нівы», якой належыць часопіс «Наша гісторыя», – Ягорам Марціновічам і Андрэем Скурко. Іх абвінавачваюць у няправільнай аплаце камунальных паслуг за офісныя памяшканні і ў недаплаце 3000 рублёў (каля 1200 даляраў).