Прэмію Free Media Awards сёлета атрымалі толькі беларускія журналісты

Прэмію для журналістаў Усходняй Еўропы Free Media Awards, якая зацверджана ў 2000 годзе германскім фондам Zeit-Stiftung і нарвежскім фондам Fritt Ord атрымалі сёлета толькі беларускія журналісты і СМІ. Звычайна лаўрэатамі прэміі становяцца журналісты з розных краін, але сёлета зрабілі выключэнне.

«Мы прысуджаем усе прэміі для прэсы беларускім журналістам і сродкам масавай інфармацыі ў знак прызнання іх беспрэцэдэнтных намаганняў і мужнасці на працягу гэтага драматычнага года, працу ва ўмовах дыктатуры», – заявілі прадстаўнікі фонду.

Лаўрэатамі сталі партал TUT.BY і Беларуская асацыяцыя журналістаў, а таксама асуджаныя на два гады зняволення журналісткі «Белсата» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, параненая сілавікамі на пратэстах журналістка «Нашай нівы» Наталля Лубнеўская і журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч, якая была ў зняволенні паўгода за тое, што абвергла фэйк беларускіх уладаў пра тое, што забіты сілавікамі Раман Бандарэнка быў нібыта п’яным.

У каментары да прэміі гаворыцца, што сітуацыя з незалежнай журналістыкай «трывожная» і «драматычная», а Беларусь застаецца самай небяспечнай для журналістаў краінай Еўропы.

Летась у Беларусі арыштавалі 480 журналістаў, якія агулам адбылі 1200 дзён зняволення. Сёлета сістэматычныя напады на незалежныя медыя працягнуліся, а за кратамі застаюцца 29 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ.

Back to top button