Сцяг Украіны і каляндар на 2021 год: за што затрымлівалі беларусаў у лістападзе

11 чалавек на дзень — не менш за 354 беларусаў затрымалі ў лістападзе за пратэсты супраць дыктатуры і вайны ва Украіне, паводле праваабарончага цэнтра “Вясна”. Арышты, суды, збіццё і катаванні адбываюцца кожны дзень па ўсёй Беларусі.

У лістападзе суддзі разгледзелі не менш за 206 адміністрацыйных спраў, вынік — арышт 95 чалавек і 31 штраф. Часцей за ўсё ў арыштаваных людзей канфіскоўвалі тэлефоны і кампутары. “Вясна” склала традыцыйны спіс самых дзіўных і недарэчных падстаў, з якіх у лістападзе судзілі беларусаў.

Сцяг Украіны на вакне кватэры

У Мінску ў сярэдзіне лістапада мужчыну затрымалі за тое, што ён вывесіў сцяг Украіны на акне сваёй кватэры на першым паверсе. Жоўта-блакітны сцяг заўважылі супрацоўнікі міліцыі 16 лістапада, на наступны мужчыну асудзілі на 13 сутак арышту за несанкцыянаваны пікет.

Жоўта-блакітныя феерверкі

3 лістапада судзілі жыхарку Ліды за тое, што яна «правяла адзіночны пікет у гонар Дня Незалежнасці Украіны: падчас гарэння феерверка колераў сцяга гэтай краіны запісала відэа і выклала яго на сваёй старонцы ў Instagram». Сваю віну ў судзе жанчына не адмаўляла. Але зазначыла, што не ведала, што гэтыя дзеянні былі незаконнымі. Ёй прызначылі штраф у 640 рублёў (каля 240 еўра).

Продаж календара ў інтэрнэце

У пачатку лістапада ў Мінску, на скаргу «неабыякавага грамадзяніна», затрымалі хлопца, які размясціў у інтэрнэце аб’яву аб продажы календара на 2021 год з выявай гістарычнага беларускага герба “Пагоня” (афіцыйнага да 1995 года) і надпісамі: “— Жыве Беларусь! — Жыве вечна!”. Гэты лозунг беларуская міліцыя аб’явіла нацысцкім у лістападзе гэтага года, праўда, толькі ў спалучэнні з паднятай рукой з распрастанай далонню. Хлопец заявіў суду, што размясціў абвестку ў пачатку кастрычніка і не лічыў гэта злачынствам. Яму далі 15 сутак арышту.

Расізм карных ворганаў

Вальтэра Гома затрымалі ў пачатку лістапада ў Менску нібыта за тое, што ён “адмовіўся выходзіць са службовай машыны, упіраўся і хапаўся за дзверы машыны”. Мужчына патлумачыў, што адмаўляўся выходзіць з машыны, бо думаў, што гэта розыгрыш. Яго арыштавалі на 13 сутак. Пра затрыманне стала вядома з відэа ГУБАЗіКа, у якім фонам гучала песня “Убили негра”. У публікацыі настойліва падкрэслівалася “каларытная” знешнасць затрыманага, а сам відэафайл мае здзеклівую назву “BLM” — адсылка да амерыканскага стыхійнага руху Black Lives Matter і пратэстаў супраць расізму.

Back to top button