Святлана Ціханоўская заклікае пратэставаць на выбарчых участках

Заўтра ў Беларусі адбудзецца рэферэндум па змене канстытуцыі, ініцыяваны Лукашэнкам. Па сцвярджэннях Цэнтральнай выбарчай камісіі, 43% беларусаў, якія маюць права голасу, нібыта ўжо прагаласавалі датэрмінова.

Нацыянальны лідэр Святлана Ціханоўская заклікае беларусаў прыйсці на выбарчыя ўчасткі і актыўна пратэставаць супраць вайны ва Украіне. Мы публікуем вытрымкі з яе звароту:

«Вайна, у якую нас уцягнулі, пачалася два дні таму. Але да гэтага часу беларусы не заявілі, што яны супраць, не паказалі гэта ўкраінцам дзеяннямі. Дык ці маю я права прасіць вас аб дзеяннях? Можа быць, не. Але я не дарую сабе, калі не паспрабую.

Пуцін гатовы ахвяраваць жыццямі з-за сваіх амбіцый і страхаў. Лукашэнку выгадна, каб усе забыліся на яго зверствы пад гукі выбухаючых снарадаў у суседняй краіне.

У нас больш няма права лічыць сябе закладнікамі абставін.

Мы больш не адзіныя, хто пакутуе ад дзеянняў жорсткага чалавека, у якога занадта шмат улады. Толькі аб’яднаўшыся мы можам гэта спыніць. 27 лютага а 14:00 прыходзьце да выбарчых участкаў у Беларусі і актыўна выказвайце пратэст супраць вайны.»

Back to top button