Беларусам за мяжой не дадуць прагаласаваць на рэферэндуме

Прэс-сакратар МЗС РБ Анатоль Глаз заявіў, што за мяжой не будуць адчыняць участкі для галасавання на лютаўскім рэферэндуме аб канстытуцыі. Прычынай такога рашэння чыноўнік назваў недахоп супрацоўнікаў у некаторых амбасадах і эпідэмію каранавіруса. Акрамя таго, Глаз прапанаваў тым, хто знаходзіцца ў замежжы, прыехаць і прагаласаваць па месцы рэгістрацыі ў Беларусі.

Паводле розных ацэнак, за мяжой жыве блізка што паўмільёна грамадзян Беларусі, большасць з якіх мае выбарчае права.
Спецпрадстаўнік Святланы Ціханоўскай па выбарах Аляксандр Шлык лічыць, што адмова адчыніць участкі за мяжой фактычна абмяжоўвае магчымасці грамадзян Беларусі рэалізаваць свае правы.

У 2020 годзе вынікі экзіт-полаў на выбарах прэзідэнта Беларусі за мяжой радыкальна адрозніваліся ад афіцыйных вынікаў. Пры гэтым, на думку праваабаронцаў і назіральнікаў, фальсіфікаваць вынікі выбараў у амбасадах было больш складана, чым у самой Беларусі.

Back to top button