Польскі адвакат падаў заяву на Лукашэнку ў Гаагу

Варшаўскі адвакат Томаш Віліньскі пры падтрымцы Народнага антыкрызіснага ўпраўлення падаў заяву супраць Лукашэнкі і прадстаўнікоў некалькіх беларускіх сілавых структур у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.

Заява складаецца са 160 старонак прававога абгрунтавання і 40 тысяч старонак дакументаў у дадатку. Заява пададзена ад імя вялікай колькасці грамадзян Беларусі, у тым ліку ад імя кіраўніка НАУ Паўла Латушкі. У сваёй заяве юрыдычная фірма Віліньскага заклікае пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе распачаць расследаванне. У якасці падазраваных, акрамя Аляксандра Лукашэнкі, фігуруюць старшыня КДБ Іван Церцель, камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў і іншыя сілавікі.

Паводле Паўла Латушкі, «яшчэ да вынясення прысуду Міжнародны крымінальны суд, прааналізаваўшы прадстаўленыя матэрыялы, мае права выдаць ордэр на арышт і аб’явіць у вышук у Інтэрпол прадстаўнікоў рэжыму».

Яшчэ напрыканцы снежня мінулага года Томаш Віліньскі падаў у Нацыянальную пракуратуру Польшчы аналагічную заяву аб падазрэнні ў здзяйсненні Аляксандрам Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі генацыду і злачынстваў супраць чалавечнасці.

Back to top button