У Беларусі затрымліваюць і штрафуюць нават за колер валасоў

9 верасня міліцыянты затрымалі 19-гадовую Вікторыю Лёвіну на вуліцы ў Мінску за тое, што ім не спадабаўся колер валасоў дзяўчыны. У РУУС на яе склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, у якім значылася: «правяла пікетаванне, маючы на галаве афарбоўку валасоў бел-чырвона-белага колеру».

У той жа дзень над Вікторыяй прайшоў суд па скайпе. Суддзя Наталля Бугук папрасіла Вікторыю павярнуцца перад камерай і прадэманстраваць колер валасоў. Адзначыўшы, што ў дзяўчыны «вельмі цікавая і арыгінальная фрызура», суддзя абвясціла яе вінаватай у пікетаванні і прызначыла ёй штраф у памеры больш за 920 долараў.

61-гадовы Міхаіл Дубіна паспрачаўся ў тралейбусе з двума мужчынамі, што крыкне «Жыве Беларусь». Аказалася, што ўдзельнікамі спрэчкі былі міліцыянты ў цывільным. На прыпынку мужчыну затрымалі і адвезлі ў РУУС. Міхаіла абвінавацілі ў несанкцыянаваным мітынгу (артыкул 24.23 КаАП) і пакаралі 30 соднямі арышту.

Пенсіянерак Ірыну Новік, Наталлю Агейчык і Алу Буянкову, якіх судзілі раней за чытанне кніг на беларускай мове ў электрычцы, затрымалі за ўдзел у акцыі ў падтрымку Максіма Знака і Марыі Калеснікавай. Суддзя Дзмітры Карсюк прызнаў іх вінаватымі і прысудзіў Наталлі Агейчык 30 содняў арышту, a Ірыне Новік і Але Буянковай па 15 содняў арышту.

У ліпені 2021 года супрацоўнікі міліцыі затрымалі сям’ю Сяргея Крупеніча і Насты Крупеніч-Кандрацьевай. Іх асудзілі на 41 содні кожнага за тое, што яны перасылалі ў асабістых паведамленнях адно аднаму інфармацыю з апазіцыйных «экстрэмісцкіх каналаў». 25 жніўня яны выйшлі на волю пасля арышту. Дома іх чакалі міліцыянты, якія папрасілі наступнай раніцай прыйсці ў РУУС і «падпісаць дакументы». Муж і жонка пайшлі ў міліцыю, але там іх чакалі новыя пратаколы па арт. 19.11 КаАП, па якіх іх зноў асудзілі на 15 сутак кожнага. Сёння Анастасія і Сяргей павінны былі выйсці на волю, але гэтага не адбылося – ім яшчэ раз працягнулі тэрмін зняволення.

Гукарэжысёр і музыкант групы Favourite Mirror Аляксей Бусел і яго маці Таццяна былі затрыманыя падчас аблавы на дваровым маршы ў адным з мінскіх раёнаў. У кватэры сям’і быў праведзены ператрус, пасля якога затрымалі і бацьку сям’і Сяргея Бусла, ноччу яго адпусцілі. Потым у ГУБАЗіК быў выкліканы Сяргей, брат Аляксея.

На судзе Аляксей заявіў, што ўсё, што ён зрабіў, – гэта накінуў на плечы бел-чырвона-белы сцяг. Таксама Аляксей заявіў пра гвалт з боку сілавікоў – яго везлі ў аўтобусе на падлозе, білі і выкарыстоўвалі электрашокер. Нягледзячы на гэта Аляксею і яго маці-пенсіянерцы далі па 15 содняў арышту.

Back to top button