Крымінальная справа за стварэнне гістарычнага фільма

Як паведамляе «Белсат», на рэжысёрку гістарычнага фільма «Кастусь Каліноўскі» Вольгу Швед заведзена крымінальная справа. На думку сілавікоў, стварэннем фільма яна распальвае нацыянальную варожасць.

Кастусь Каліноўскі – вядомы беларускі рэвалюцыянер, публіцыст і паэт, які жыў на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў XIX стагоддзі. Ён змагаўся за незалежнасць беларускіх земляў ад Расійскай імпэрыі. У 1863 годзе Каліноўскі ўзначаліў паўстанне супраць расійскай улады, якое было жорстка задушана расійскім генералам Мураўёвым, а сам ён быў асуджаны на смерць. Кастусь казаў: «Толькі тады зажывеш шчасліва, народзе, калі маскаля над табой не будзе».

У святле сучасных падзей: вайны ва Украіне і задушаных пры падтрымцы Пуціна беларускіх пратэстаў – фільм атрымаўся асабліва актуальным, і следчы камітэт не змог прайсці міма. Стала вядома, што галоўны герой фільма гісторык Васіль Герасімчук пакінуў Беларусь з прычыны пераследу з боку ўладаў. Сама ж Вольга Швед не атрымала позву, бо стала жыве за мяжой.

Back to top button