Таленавітага студэнта прыгаварылі да 5 гадоў зняволення

9 снежня Арцёму Баярскаму – 20-гадоваму палітвязню з Гродна, абвінавачванаму ў кіраванні «экстрэмісцкім фармаваннем», вынесены прысуд – 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Суд быў закрыты, але вядома, што гаворка ідзе пра вядзенне апазіцыйных Telegram-каналаў.

А. Баярскі – чатырохразовы стыпендыят фонда прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, ён вучыўся на другім курсе хімічнага факультэта БДУ і марыў ствараць лекі ад невылечных хвароб. У жніўні 2020 года ён, як і шмат іншых студэнтаў, адмовіўся ад прэзідэнцкай стыпендыі. Упершыню яго затрымалі пасля марша пратэсту год таму і асудзілі на 15 содняў арышту. Тады ён распавёў пра абразы, пагрозы і збіццё па дарозе ў міліцэйскі пастарунак. Пасля арышту яго выключылі з універсітэта.

Потым ён быў арыштаваны ў сакавіку 2021 года. Каб прымусіць яго запісаць відэа з прызнаннем, яго збівалі дубінкай. Як і ў іншых падобных выпадках, крымінальную справу па факце збіцця заводзіць адмовіліся.

У лістападзе 2021 года 47 супрацоўнікаў Расійскай акадэміі навук апублікавалі адкрыты ліст у падтрымку Арцёма Баярскага і запатрабавалі яго вызвалення. У верасні 2021 года яго залічылі на бакалаўрскую праграму па спецыяльнасці «Біятэхналогія» ў Каўнаскі ўніверсітэт імя Вітаўта Вялікага. Ён зможа працягнуць навучанне пасля вызвалення.

Арцём прыняў прысуд з годнасцю: ён паспеў сказаць, што «Беларусь усё роўна стане нармальнай краінай».

Back to top button