Праваабаронца Алесь Бяляцкі стаў Лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру

Заснавальнік і кіраўнік беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі быў удастоены Нобэлеўскай прэміі міру. Ён падзяліў узнагароду з расійскім цэнтрам «Мемарыял» і ўкраінскім Цэнтрам грамадзянскіх свабод.

«Бяляцкі быў адным з ініцыятараў дэмакратычнага руху, які ўзнік у Беларусі ў сярэдзіне 1980-х гадоў. Ён прысвяціў усё сваё жыццё справе дэмакратыі і міру ў сваёй краіне. Бяляцкі ў 1996 годзе стварыў праваабарончую арганізацыю «Вясна» ў адказ на сумнеўныя змены ў Канстытуцыю, якія далі беларускаму прэзідэнту дыктатарскія паўнамоцтвы», – адзначыла прадстаўніца Нобелеўскага камітэта.

Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў зняволенні, дзе ён нядаўна адзначыў свой 60-гадовы юбілей. Разам з паплечнікамі Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам яго больш за год без суда ўтрымліваюць за кратамі. «Галоўнае не ўпадаць у дэпрэсію і не сумаваць. Я веру, што хутка ўсё будзе добра. А тое, што нас не забівае, робіць мацнейшым”, – піша праваабаронца з турмы.

Старшыня Нобэлеўскага камітэту Бэрыт Рэйс-Андэрсан заклікала беларускую ўладу вызваліць Алеся Бяляцкага з турмы, каб ён мог прыехаць у Осла і асабіста прыняць узнагароду.

За 25 гадоў сваёй дзейнасці Алесь Бяляцкі быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: шведскай прэміяй імя Пера Ангера, прэміяй свабоды імя Андрэя Сахарава, дыпломам «За мужнасць і барацьбу за свабоду», прэміяй «Найлепшы праваабаронца года», прэміяй Нарвежскага саюза пісьменнікаў «За свабоду слова», прэміяй імя Петры Келі ў знак прызнання дзейнасці ў адстойванні правоў чалавека ў Беларусі, у 2013 годзе — прэміяй Вацлава Гавела ад ПАРЕ, у 2019 годзе — прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закона». У 2021 годзе «Вясна» і Алесь Бяляцкі сталі лаўрэатамі прэміі «За годны лад жыцця».

Нягледзячы на пераслед, праваабарончы цэнтр і цяпер працягвае дапамагаць беларусам адстойваць свае правы. Большасць сябраў арганізацыі пакінулі Беларусь, каб пазбегнуць арышту. Тым не менш, праваабаронцы працягваюць збіраць звесткі аб палітвязнях і дапамагаць іх сем’ям.

Лідэрка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская павіншавала Бяляцкага з узнагародай і дадала: «Упэўнена, што тыя, хто ажыццявіў рэпрэсіі супраць Алеся і тысяч нявінных людзей, хутка застануцца ў невядомым мінулым. А такія героі, як Алесь Бяляцкі, увойдуць у гісторыю».

Back to top button