Легендарны праваабаронца Алесь Бяляцкі адзначыў сваё 60-годдзе за кратамі

Палітзняволены заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі праводзіць свой 60-гадовы юбілей у турэмных сценах, у чаканні суда. Бяляцкі быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года. Яму пагражае суровы прысуд – да 12 гадоў турмы. У 2011 годзе яго ўжо асуджалі на чатыры з паловай гады калоніі, тры з якіх ён прабыў у зняволенні.

За гады сваёй праваабарончай дзейнасці Бяляцкі быў удастоены шматлікіх прэмій і ўзнагарод, пяць разоў намінаваўся на Нобелеўскую прэмію міру, з’яўляецца аўтарам сямі кніг. Пяць з іх ён напісаў, знаходзячыся за кратамі.

Паэт Сяржук Сыс, даўні сябар і калега Алеся Бяляцкага, узгадвае: «З самага пачатку вялікай хвалі рэпрэсій Алесь ведаў, што яна не абміне бокам «Вясну». Ён рабіў усё, каб захаваць арганізацыю да апошняга дня. Вядома, ён мог з’ехаць. Але ён ведаў, што калі ён з’едзе, то здрадзіць сваёй справе, сваёй ідэі».

Back to top button