Святлана Ціханоўская сустрэлася з Джо Байдэнам

Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам у Белым доме.

Ціханоўская падзялілася ўражаннямі ад гэтай сустрэчы:

«Каля Белага дома перад журналістамі я спрабавала зразумець свае пачуцці пасля сустрэчы з прэзідэнтам Байдэнам. Але я тут не адна. За маёй спінай – 36 тысяч беларусаў, якія прайшлі праз арышты і катаванні. 10 з іх – загінулі. Але ўсе яны гаварылі маім голасам на гэтай сустрэчы.

Як беларуска, я ганаруся сваім народам, які паўстаў супраць рэжыму і ўжо год супрацьстаіць яму.

Як палітык, я радая гэтай сустрэчы. Прэзідэнт Байдэн сказаў, што ў свеце працягваецца барацьба паміж аўтакратыяй і дэмакратыяй. І вы ведаеце, што Беларусь у гэтай барацьбе знаходзіцца на перадавой. Таму я заклікала прэзідэнта Байдэна дапамагчы нам зрабіць Беларусь паспяховым прыкладам негвалтоўнага пераходу да дэмакратыі.

Я выходжу з Белага дома з упэўненасцю, што голас мільёнаў беларусаў быў пачуты:

  • Беларуская рэвалюцыя не звязаная з геапалітыкай. Гэта дэмакратычны выбар беларусаў, і маральны доўг ЗША – падтрымаць нас.
  • Суверэнітэт Беларусі не падлягае абмеркаванню і гандлю. Любыя ўгоды, падпісаныя нелегітымным рэжымам, незаконныя.
  • Вырашэннем крызісу могуць стаць толькі новыя свабодныя выбары пад міжнародным кантролем. А ўсе зняволеныя па палітычных матывах мусяць быць вызваленыя без якіх-небудзь умоў.
  • Крызіс у Беларусі мусіць быць уключаны ў міжнародны парадак дня, у ААН і АБСЕ, а ўсе вінаватыя мусяць быць прыцягнутыя да адказнасці ў міжнародных судах.

Як жонка палітвязня Сяргея Ціханоўскага, я адчуваю боль, што ён і тысячы людзей не могуць падзяліць са мной гэты момант. Але я ўпэўненая, што яны даведаюцца пра гэтую сустрэчу. І будуць ведаць, што мы змагаемся за іх.

Як маці дваіх дзяцей, я проста спадзяюся, што яны зразумеюць і прабачаць мне тое, што ў гэтыя часы іх мама не заўсёды была побач з імі. Колькі б часу і сілаў не запатрабаваў шлях Беларусі да свабоды, я гатовая прайсці яго разам з беларусамі. І я дзякую прэзыдэнту Байдэну за тое, што ён падтрымаў нас на гэтым шляху».

Пасля сустрэчы Байдэн напісаў у Twitter: «Для мяне было гонарам сустрэцца са Святланай Ціханоўскай у Белым доме сёння ранкам. ЗША падтрымліваюць народ Беларусі ў яго імкненні да дэмакратыі і усеагульных правоў чалавека».

Back to top button