30 гадоў таму Беларусь здабыла незалежнасць

25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет БССР надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закона, у выніку Беларусь юрыдычна стала незалежнай дзяржавай. Пазней, у верасні таго ж года, БССР была перайменавана ў Рэспубліку Беларусь, а герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг былі прынятыя ў якасьці дзяржаўных сымбаляў. У снежні 1991 года былі падпісаныя Белавежскія пагадненні, якія паклалі канец існаванню Савецкага саюза.

З нагоды 30-годдзя незалежнасці краіны беларусаў павіншавала Святлана Ціханоўская.

«Гэты дзень мусіў быў быць у Беларусі святочным і радасным, але сустракаем мы юбілей Незалежнасці пад пагрозай яе страты, у атмасферы рэпрэсій. Тысячы патрыётаў нашай краіны заплацілі ўласным лёсам за мару ўбачыць яе незалежнай – у сталінскім ГУЛАГу, Курапатах, на вулічных пратэстах. Але для ўсіх нас яны – гэта прыклад барацьбы за лепшую долю свайго народа. Нам варта памятаць ўсю нашу гісторыю, каб выпадковыя людзі ва ўладзе не мелі магчымасці яе перапісаць», – сказала Святлана Ціханоўская ў сваім звароце.

У канцы заявы яна выказала ўпэўненасць у тым, што Беларусь будзе «свабоднай і будзе квітнець, а галоўнае, захавае сваю незалежнасць».

Back to top button