Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага асудзілі на 10 гадоў

Упершыню ў гісторыі Нобелеўскага лаўрэата асудзілі ўжо пасля прысуджэння прэміі. Беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з заявай пратэсту, дзе называюць прысуд выключна палітычнай расправай і помстай за мірныя дзеянні па абароне правоў і свабодаў чалавека ў Беларусі.

3 сакавіка суд вынес прысуды па гучнай справе Праваабарончага цэнтру “Вясна”. Старшыню арганізацыі Алесю Бяляцкаму, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру 2022 года, прысудзілі 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, яго намесніку і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу – 9 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму; каардынатару кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” і юрысту Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а праваабаронцу «Вясны» Зміцеру Салаўёву — 8 гадоў калоніі завочна (ён знаходзіцца за межамі Беларусі). Таксама ім прызначылі вялікія штрафы.

Праваабаронцы не прызналі віну. Усім падсудным ставілася ў віну фінансаванне пратэстаў пасля выбараў 2020 года і кантрабанда грошай. У прыватнасці, незаконнай дзейнасцю назвалі аплату адвакацкіх ганарараў і пакрыццё штрафаў за мірных дэманстрантаў. У матэрыялах справы 284 тамы — гэта рэкордная па аб’ёме палітычная справа. У апошнім слове на судзе Алесь Бяляцкі зазначаў, што азнаёміцца з усімі тамамі справы ім не далі. На судзе ніводнае хадайніцтва (аб працэсе на беларускай мове, аб зняцці кайданкоў, аб прадастаўленні часу для азнаямлення са справай і г.д.) не было задаволена суддзёй. Падчас абвяшчэння прысуду рукі праваабаронцаў былі закаваныя ў кайданкі і знаходзіліся за спінамі.

Наталля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага, якая прадстаўляла яго на атрыманні Нобелеўскай прэміі міру, пракаментавала прысуд, падкрэсліўшы палітычны матыў крымінальнай справы супраць праваабаронцаў:

“Прысуд, відавочна, вельмі жорсткі, каго бы гэта ні тычылася — Алеся, Валянціна, Уладзіміра. Гэта жахлівыя тэрміны, калі падумаць, за што іх судзілі. Нягледзячы на гэтыя 284 тамы крымінальнай справы і дастаткова доўгае разбіральніцтва, мы бачым, што ніякай доказнай базы ў абвінаваўцы не было і быць не магло. Гэты працэс, відавочна, супраць праваабаронцаў і за іх праваабарончую дзейнасць.

Тое, што Алесю прысудзілі не 12 гадоў, а 10 — гэта адзін за паказальных момантаў: быццам бы адбылося змякчэнне прысуду, але гэта ніякае не змякчэнне прысуду. Паўтаруся, што гэта тэрміны вельмі вялікія. Хто яны і за што ім прызначылі такія тэрміны? За забойства людзей, за прычыненне нейкай значнай шкоды? Не, ніводны аргумент, які прыводзіўся ў судзе, нават не меў доказнай сілы для таго, каб суд абвінаваціў іх па гэтых надуманых артыкулах”.

Напярэдадні вынясення прысуду міжнародныя праваабарончыя арганізацыі напісалі заяву і паўтарылі свае заклікі вызваліць праваабаронцаў і зняць з іх усе абвінавачанні. Увечары 2 сакавіка ў польскіх гарадах Варшава і Гданьск прайшлі акцыі салідарнасці з “вясноўцамі”.

Back to top button