Завочныя “прысуды”: Святлане Ціханоўскай — 15 гадоў, Паўлу Латушку — 18

У Мінску 6 сакавіка вынеслі “прысуды” па справе Каардынацыйнай рады. Усе фігуранты знаходзяцца за мяжой, ім “прысудзілі” ад 12 да 18 год завочна і арыштавалі маёмасць.

Усіх абвінавачаных рэжымам “судзілі” ў межах адной крымінальнай справы, па 12 крымінальных артыкулах — ад “удзелу ў масавых беспарадках” да “здрады дзяржаве”. Святлане Ціханоўскай “прысудзілі” 15 гадоў калоніі, Паўлу Латушку — 18 гадоў калоніі, а Вользе Кавальковай, Марыі Мароз і Сяргею Дылеўскаму — па 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму завочна.

Святлана Ціханоўская пракаментавала гэты “прысуд”:

Я не думаю пра тое, што яны хацелі сказаць мне сваім “прысудам”. З ім ці без яго — я і дэмакратычныя сілы рабілі і працягнем рабіць усё магчымае, каб вызваліць нашых палітычных зняволеных і прывесці нашую краіну да дэмакратычных пераменаў.

Сёння я думаю пра тых, каму рэжым даў рэальныя, а не завочныя тэрміны. 5, 16, ці 22 гады… І я не хачу думаць пра рэжымных чыноўнікаў, суддзяў, пракурораў. Тых, хто выконвае гэтыя злачынствы. Няхай яны лепш падумаюць пра сябе самі: бо Лукашэнка не стане абараняць іх у сапраўдным, незалежным судзе, для якога беларускія юрысты ўжо сабралі дастатковую колькасць сведчанняў. Ён будзе ратаваць толькі сябе і сваё блізкае кола. Дык ці варта падстаўляць саміх сябе дзеля абароны таго, хто і так асуджаны на правал?

Завочныя “суды” пачалі праводзіць у Беларусі ў канцы 2022 года. Змены, унесеныя дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкам у крымінальна-працэсуальны кодэкс, дазваляюць “судзіць” беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, завочна і нават “асуджаць” іх на растрэл.

Back to top button