Акцыі салідарнасці з Беларуссю на гадавіну выбараў 2020 года

Напярэдадні гадавіны сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года беларуская дыяспара ў розных краінах правяла акцыі салідарнасці з беларускім народам.

У Польшчы беларусы Варшавы прайшлі масавым маршам з цэнтру горада да амбасады Беларусі. Таксама маршы прайшлі ў Лодзі і Беластоку.

У Стакгольме адбылася вялікая акцыя ў падтрымку Беларусі. Падчас акцыі Шведскі саюз пісьменнікаў вывесіў беларускі нацыянальны сцяг на фасадзе свайго будынка. Да ўдзельнікаў акцыі таксама звярнуліся з прамовай міністарка культуры Швецыі Аманда Лінд і міністарка замежных спраў Ан Ліндэ.

Людзі, якія сабраліся ў Берліне і Парыжы, ушанавалі загінулых падчас пратэстаў хвілінай маўчання. На мітынгу выступалі не толькі беларускія апазіцыянеры, але і нямецкія і французскія актывісты.

Дзяўчыны з бел-чырвонымі парасонамі прайшліся па вуліцах Бостана ў ЗША. Гэтую акцыю яны прысвяцілі нязломным беларускім жанчынам.

У цэнтры Кіева адбылася акцыя памяці па загінулым кіраўніку грамадскай арганізацыі «Беларускі дом у Украіне» Віталі Шышове. Яе ўдзельнікі таксама выказалі падтрымку палітвязням у Беларусі.

Back to top button