Марыя Калеснікава дала інтэрв’ю з-за кратаў

Ужо больш за год беларуская апазіцыйная палітычная дзяячка Марыя Калеснікава знаходзіцца за кратамі. Падчас прэзідэнцкай кампаніі ў 2020 годзе яна ўзначальвала штаб Віктара Бабарыкі, а пасля пачатку пратэстаў далучылася да дзейнасці Каардынацыйнай рады апазіцыі. Калеснікава лічыцца адной з галоўных фігур беларускага пратэсту.

У верасні 2020 года Марыю Калеснікаву арыштавалі, а 6 верасня 2021 года разам з юрыстам Максімам Знакам прызналі вінаватай у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады і асудзілі на 11 гадоў зняволення. У сваім пісьмовым інтэрв’ю карэспандэнту DW Марыя падзялілася сваім бачаннем сітуацыі ў Беларусі.

У турме ёй не стае ўсяго: паветра, сонца, душа, музыкі, флейты, лістоў і зносін, але Калеснікава працягвае адчуваць клопат і любоў людзей у Беларусі і ва ўсім свеце. Яна ніколькі не шкадуе пра свой выбар застацца на радзіме замест таго, каб з’ехаць за мяжу. Прысуд Марыя называе абсурдам, бо ні яна, ні Максім Знак ні ў чым не вінаватыя, як і вялізная колькасць беларусаў, якія знаходзяцца цяпер у турмах. Для яе гонар прайсці разам з простымі беларусамі шлях да свабоды і перамен.

Калеснікава лічыць, што час ужо цяпер думаць пра рашэнне задач на будучыню – пра эканамічныя міжнародныя стасункі, прамысловасць, грамадзянскую супольнасць, заканадаўства і гэтак далей. Яна верыць, што рэжым не вечны і нават цяпер існуюць сілы (ва ўладных структурах), гатовыя да канструктыўных рашэнняў, да перамоваў па выхадзе з крызісу.

На яе думку, зараз самае важнае для беларусаў – быць разам і не губляць даверу адно да аднаго. А тым, хто за мяжой, найперш думаць пра людзей, якія працягваюць жыць унутры краіны.

У Марыі Калеснікавай шмат ідэй для музычных і культурных праектаў у будучыні. Напрыклад, з СІЗА яна хацела б зрабіць музей ахвяр камунізму, таталітарызму і іншых «ізмаў». Яна таксама хацела б заснаваць цэнтр для сацыялізацыі і рэабілітацыі жанчын пасля зняволення.

Back to top button