Святлана Ціханоўская атрымала прэмію Чатырох свабод

Фонд Ф.Рузвельта ўзнагародзіў Святлану Ціханоўскую прэстыжнай прэміяй Чатырох свабод за тое, што яна ўзначальвае мірны супраціў рэпрэсіўнаму рэжыму ў Беларусі і з’яўляецца выбітнай абаронцай палітычнай і грамадзянскай свабоды. У сваёй магутнай падзячнай прамове палітык падкрэсліла важнасць навучыцца «называць рэчы сваімі імёнамі» і падзялілася наступнымі важнымі пасланнямі:

« Маю такое адчуванне, што свет не вельмі разумее, што такое рэжымы ў Крамлі і Мінску. Страх засляпляе. Абыякавасць засляпляе. Эканамічныя інтарэсы засляпляюць. Можна сказаць толькі так: гэтыя рэжымы сёння – гэта абсалютнае зло. Зло расце, як хвароба, і яно не спыніцца ў Беларусі і Украіне».

«Калі расейцы напалі на Украіну, людзі ў Беларусі вырашылі выйсці на вуліцы ў гарадах па ўсёй краіне. Гэта быў цяжкі і балючы выбар. За першыя тыдні было арыштавана 1500 чалавек. Але гэта быў правільны выбар. Беларусаў арыштоўваюць кожны дзень. За малітву ў царкве за Украіну. Уявіце сабе, калі б зараз людзі ў цывільным пракраліся ў царкву падчас службы, каб выявіць вернікаў і арыштаваць іх. Гэта Беларусь сёння. Але Беларусь усё роўна супраціўляецца».

«Дыктатараў нельга перавыхаваць. Тыранаў замірэнне падбадзёрвае, а не супакойвае. Еўропа атрымала свабоду ад Гітлера не праз замірэнне, а праз цвёрдыя і аб’яднаныя дзеянні супраць гітлераўскага рэйха. Толькі калі свет аб’яднаецца ў барацьбе са злом, мы зможам перамагчы. Не забывайма, што салідарнасць і чалавечнасць — наша суперсіла. І гэта адрознівае нас ад зла».

Спадарыня Ціханоўская таксама аддала даніну павагі мужнасці землякоў-беларусаў, якія ўдзельнічаюць у антываенным руху, пратэстуючы на вуліцах і зрываючы расійскія чыгуначныя перавозкі. «Мы будзем працягваць змагацца за свабоду Беларусі, за Украіну і супраць тыраніі, якая хоча вярнуць свет у валадарства цемры, — сказала яна. — Калі мы пацерпім паразу, нас ахіне цемра. Але ў кожнай маці, якая ратуе сваіх дзяцей, у кожным дзіцяці, якое ратуе сваіх бацькоў, у кожным спачувальным учынку я бачу, што любоў — мацнейшая за нянавісць».

«Мы не можам дазволіць дыктатарам ствараць гісторыю, таму што гісторыя — і будучыня — належаць нам», — падвяла рысу лідэрка беларускай апазіцыі.

Back to top button