Справа па факце забойства Рамана Бандарэнкі прыпыненая

Крымінальная справа па факце забойства Рамана Бандарэнкі, збітага набліжанымі Лукашэнкі на Плошчы пераменаў, прыпыненая. Афіцыйная прычына – немагчымасць вызначыць асобу, датычную да злачынства.

Справа была ўзбуджаная па факце прычынення цяжкай шкоды здароўю, у выніку чаго Раман памёр. Трагедыя здарылася ў лістападзе 2020 года. Рамана Бандарэнку затрымалі на Плошчы пераменаў з-за канфлікту з людзьмі, якія зразалі адзін з сімвалаў пераменаў – бел-чырвона-белыя стужкі. Праз некальскі гадзін жудасна збіты Раман быў дастаўлены з аддзялення міліцыі ў рэанімацыю бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, дзе памёр.

Улады адразу заявілі, што Раман быў у стане алкагольнага ап’янення. Гэта было аспрэчана на падставе медыцынскіх дакументаў, за публікацыю якіх былі асуджаныя журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч і лекар Арцём Сарокін. Барысевіч асудзілі на шэсць месяцаў калоніі, Сарокіна – на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год.

Першапачаткова справа вялася Следчым камітэтам, але неўзабаве яе па загадзе Лукашэнкі перадалі ў Генпракуратуру. Лукашэнка заявіў, што бярэ расследаванне пад асабісты кантроль, і як вынік – справа прыпыненая.

Былыя сілавікі з BYPOL, якія выступаюць супраць гвалту і беззаконня, апублікавалі запісы размоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант і хакейнага чыноўніка Дзмітрыя Баскава. Аўдыёзапіс паказвае, што ў той вечар абодва былі на Плошчы пераменаў. Гэта стала адной з прычын дыскваліфікацыі Баскава Міжнароднай федэрацыяй хакея.

Back to top button