2021-11-04
ЦІП на вул. Акрэсціна

У двухмеснай камеры ЦІП на Акрэсціна з вечара 3 лістапада 2021 года галадаюць дзесяць жанчын, затрыманых па палітычных матывах, з імі ў камеры ўтрымліваецца і бяздомная жанчына.

З сярэдзіны кастрычніка на жанчын з камеры №15 пачаўся дадатковы ціск з боку адміністрацыі. У жанчын забралі ўсё верхняе адзенне, якое яны маглі выкарыстоўваць замест адабраных матрацаў. Усё, што жанчыны не паспелі схапіць у рукі, выкінулі ў смецце. Потым забралі таксама зубныя шчоткі, пракладкі, лекі, медыцынскія маскі, бутэлькі вады. З 1 лістапада жанчынам не давалі туалетную паперу. Жанчын не водзяць у душ, уначы ў камеры не выключаюць святло. У камеры ёсць вошы, яны з’явіліся ў верасні, калі ў камеру пасадзілі адразу трох бяздомных. Мыла і туалетную паперу раней можна было атрымліваць. Часам на просьбу выдаць туалетную паперу супрацоўнікі ЦІП адказвалі прапановай выкарыстоўваць замест яе майкі.

Арыштанткі камеры № 15 прынялі рашэнне аб’явіць галадоўку да выканання ўсіх патрабаванняў: вярнуць прагулкі, вадзіць у душ, выключаць у камерах святло на ноч, выдаваць усе неабходныя рэчы ў адпаведнасці з нормамі, вярнуць усе рэчы і лекі. Сярод затрыманых знаходзіцца і журналістка Белсату Ірына Слаўнікава. Нагадаем, журналістку Ірыну Славнікаву разам з мужам затрымалі у ноч з пятніцы на суботу ў менскім аэрапорце – пара вярталася з адпачынку. Яны атрымалі па 15 сутак адміністрацыйнага арышту за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”.