2022-07-08
Ілюстратыўная выява. Крыніца: Belsat

Паводле звестак Следчага камітэта Беларусі, 29-гадовы жыхар Светлагорска ў лютым гэтага года ініцыятыўна ўступіў у «экстрэмісцкія» фарміраванні BYPOL / «мабілізацыйны план «Перамога», ад кіраўнікоў якіх атрымаў заданне па вывядзенні са строю чыгуначнай інфраструктуры на тэрыторыі Гомельскай вобласці, паведамляе рэдакцыя «Зеркало» . Адміністратары плана «Перамога» выслалі мужчыну падрабязныя інструкцыі пра вырабы прылад і спосабы здзяйснення злачынстваў, рэкамендацыі па мерах канспірацыі, усе выдаткі на падрыхтоўку былі аплачаны BYPOL (крыху больш за 1000 рублёў). Жыхар Светлагорска прапанаваў уступіць у «злачынную супольнасць» сваім сябрам (33 гады і 51 год).

«У ноч на 1 сакавіка мужчыны падпалілі рэлейную шафу з абсталяваннем, якая забяспечвае бяспечны праход пешаходаў і праезд транспартных сродкаў, што выклікала рызыку наступлення катастрафічных наступстваў, у тым ліку крушэнні саставаў і гібелі пасажыраў», – заявілі ў Следчым камітэце.

Па выніках расследавання мужчынам прад’яўлены абвінавачанні па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі: ад удзелу ў экстрэмісцкім фарміраванні да здрады дзяржаве. «За здзяйсненне ўказаных дзеянняў мужчынам можа пагражаць максімальнае пакаранне аж да смяротнага пакарання», – сцвярджаюць следчыя.

Рэдакцыя «Зеркало» пракансультавалася з юрыстам і прыйшла да высновы, што, паводле крымінальнага права, абвінавачанага ў злачынстве павінны судзіць у адпаведнасці з тым заканадаўствам, якое дзейнічала на момант учынення злачынства. У апошнія гады ў Беларусі пры дзеяннях, якія следчыя органы расцанілі як «акт тэрарызму», ніхто не загінуў. Адпаведна, смяротнае пакаранне тым, хто здзейсніў такія дзеянні да 29 мая 2022-га, па законе прызначацца не павінна. Гэта датычыцца і гэтай групы «рэйкавых партызан», паколькі дзеянні, у якіх іх абвінавачваюць, былі здзейснены ў ноч на 1 сакавіка.