Апублікавана: 2022-03-07 Posted by: Voice of Belarus Media Comments: 0

Чаму беларусы не падтрымліваюць ідэю аб удзеле Беларусі ў вайне?

Генадзь Коршунаў, супрацоўнік аналітычнага цэнтра «Цэнтр новых ідэй» і вядомы сацыёлаг, разважае, чаму так адрозніваюцца адносіны да вайны ў расіян і беларусаў. Неабходна памятаць, што Беларусь уключана ў расійскае інфармацыйнае поле, а да самой Расіі да нядаўняга часу беларусы адчувалі больш станоўчыя пачуцці, чым да Украіны.

Апошнія сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што грамадская падтрымка «спецыяльнай аперацыі» ў Расіі ёсць і яна вельмі высокая – 60-70%. У той жа час у Беларусі сітуацыя кардынальна супрацьлеглая. Яшчэ да пачатку вайны толькі 11-12% жыхароў краіны падтрымлівалі ідэі аб магчымым удзеле Беларусі ў вайне Расіі з Украінай (гл. даследаванне Chatham House, збор дадзеных з 20 студзеня па 9 лютага 2022 г.). Больш чым упэўнены, што зараз такіх людзей будзе яшчэ менш.

Думаецца, адно з тлумачэнняў – рознае ўспрыманне вайны. Зразумела, найперш Вялікай Айчыннай (хаця, калі паглядзець глыбей у гісторыю, тэндэнцыя будзе пацвярджацца). Так, і ў тым, і ў іншым выпадку гэтая вайна з’яўляецца адным з цэнтральных месцаў у гісторыі краіны, але ўспрыманне і сэнс там розныя.

Для абсалютнай большасці беларусаў Вялікая Айчынная вайна з’яўляецца элементам сямейнай гісторыі, не параднай, паўсядзённай. З расповедамі ці маўчаннем бабуль, з ваеннымі магіламі за ваколіцай і праўдай пра партызан, з фатаграфіямі разбамбаванага роднага горада, помнікам яўрэйскага гета на суседняй вуліцы.

А для расейцаў… Паглядзіце, як далёка на ўсход зайшла лінія фронта – Карэлія, Ленінград, Падмаскоўе, Сталінград, Кубань. Астатняе (Урал, Сібір, Далёкі Усход) – тыл. Так, героі тылу, «усё для фронту», пахаванкі, непрыйшоўшыя з вайны… Але сама вайна далёка, у газетах і рэпрадуктары са зводкамі з фронту. Таму на сямейнай і гістарычнай памяці для іх «вайна» – гэта не столькі персанальна-асабістае, колькі тое, што напісана ў падручніках гісторыі і паказана ў кіно. І марш на Чырвонай Плошчы ў Маскве.

Расія, якая і раней прэтэндавала на манаполію ў «спадчыне перамогі», …экспрапрыявала гістарычную памяць. Памятаеце гэтыя налепкі на аўтамабілях: «На Берлін!», «Можам паўтарыць!», «Дзяды ваявалі!..»? І георгіеўскія стужачкі.

Ні разу не чуў у Беларусі «Можам паўтарыць!». У нас казалі інакш – «Ніколі больш!».

У гэтым прынцыповая розніца. Тое, што для адных было непазбыўным болем, для іншых стала нагодай для ганарлівага выпяндрожу.

Давыпендрываліся.

Categories: