Yara спыніць закупку калійных угнаенняў у «Беларуськалія» з красавіка

Нарвежская кампанія па вытворчасці мінеральных угнаенняў Yara International абвясціла пра спыненне закупак калійных угнаенняў у дзяржаўнага «Беларуськалія» з 1 красавіка 2022 года. У заяве кампаніі сказана, што наступствы для ланцужкоў паставак з-за міжнародных санкцый зрабілі немагчымым працяг гандлю.

Святлана Ціханоўская неаднаразова сустракалася з генеральным дырэктарам Yara Свенам Торэ Холсэтэрам і абмяркоўвала катастрафічную сітуацыю з правамі і свабодамі працоўных «Беларуськалія». Лідарка беларускай апазіцыі прадаставіла таксама матэрыялы, якія пацвярджаюць непасрэдную датычнасць кіраўніцтва «Беларуськалія» да фальсіфікацыі выбараў 2020 года. Аднак гендырэктар заявіў, што лепш зрабіць усе магчымыя крокі для паляпшэння сітуацыі з бяспекай, чым сысці з Беларусі і не мець ніякага ўплыву. С. Ціханоўская таксама абмяркоўвала гэтае пытанне з міністаркай замежных спраў Нарвегіі Анікен Хуітфельдт.

Прадстаўнікі беларускай дыяспары рэгулярна пікетавалі офісы Yara ў Лондане, Шчэціне, Вільні і іншых гарадах, пратэстуючы супраць супрацоўніцтва кампаніі з «Беларуськаліем».

Back to top button