IKEA закупляла ў Беларусі прадукцыю, зробленую зняволенымі: што гавораць у самой кампаніі

Выданне Zerkalo.io паведамляе, што, паводле нямецкага выдання Taz і французскага Disclose, кампанія IKEA працавала з беларускімі пастаўшчыкамі, якія выкарыстоўвалі працу зняволеных, у тым ліку палітычных.

Паводле аўтараў расследавання, гэта датычыцца вытворчасці кніжных шаф Baggebo, камод Kullen і ложкаў Brimnes. Сярод беларускіх пастаўшчыкоў IKEA, якія супрацоўнічалі з папраўчымі калоніямі, названы магілёўскае тэкстыльнае дзяржпрадпрыемства “Магатэкс” (якое меркавана працавала, як мінімум, з чатырма папраўчымі калоніямі), холдынг Borwood і дзяржаўнае мэблевае прадпрыемства “Івацэвічдрэў”. Кампанія “Віцебскдрэў”, што ўваходзіць у холдынг Borwood, працавала па кантракце з папраўчай калоніяй нумар 2, а “Івацэвічдрэў” — з пятай.

“Зеркало” пацікавілася ў шведскай кампаніі, ці адпавядае гэтая інфармацыя рэчаіснасці. У IKEA адказалі, што рэгулярна правяралі беларускіх пастаўшчыкоў на адпаведнасць этычным стандартам адной з найбуйнейшых у свеце сетак вытворчасці і продажу мэблі. У прэс-службе сцвярджаюць, што вельмі сур’ёзна ставяцца да паведамленняў пра Беларусь, ніколі не дапускаюць парушэнняў правоў чалавека ў ланцужку паставак і заўсёды імкнуцца адпавядаць каштоўнасцям і чаканням яе ўдзельнікаў. У IKEA таксама нагадалі, што ў чэрвені 2022 года кампанія вырашыла спыніць развіццё любога новага бізнэсу праз праблему з правамі чалавека ў Беларусі і непрадказальную абстаноўку, а таксама пакінуць краіну і скасаваць кантракты з пастаўшчыкамі.

Back to top button