Ціханоўская выступіла з пранікнёнай прамовай у Еўрапарламенце

24 лістапада 2021 года Святлана Ціханоўская выступіла на сесіі Еўрапейскага парламента. Яе выступ працягваўся 30 хвілін. Беларускі палітык казала пра тое, што Еўразвяз павінен быць больш жорсткім у дачыненні да беларускіх афіцыйных уладаў. Ціханоўская нагадала аб тым, што, пакуль Еўропа сумняваецца, рэпрэсіі ў Беларусі толькі ўзмацніліся: грамадзянская супольнасць у краіне разгромлена, як і незалежныя СМІ, за кратамі знаходзяцца актывісты, журналісты, праваабаронцы, звычайныя людзі, якія адважыліся выказаць сваё меркаванне, адрознае ад меркавання дзейнай улады, у турмах сядзяць сотні асуджаных пасля выбараў 2020 года.

Па словах Святланы Ціханоўскай, сутыкнуўшыся з выклікам, можна спыніцца, быць паралізаваным ад страху, а можна «ўзяць лёс у свае рукі і пераламаць ход еўрапейскай гісторыі». Са жніўня 2020-га было зроблена дастаткова шмат сімвалічных крокаў і заяў аб салідарнасці, але цяпер, падкрэсліла палітык, для Еўропы настаў час пачаць рашучыя дзеянні, а не чакаць яшчэ адзін год – таму што гэтага года ні ў беларусаў, ні ў еўрапейцаў папросту няма. Ціханоўская штораз крытыкавала ЕЗ за мяккую рэакцыю на дзеянні ўладаў Беларусі, у прыватнасці частыя «выразы глыбокай занепакоенасці». «Вы думаеце, гэтыя людзі (у Беларусі) разумеюць, што мы маем на ўвазе, кажучы пра працяглыя бюракратычныя працэдуры і складаную дыпламатыю ў ЕЗ? Вы думаеце, што заявы глыбокай занепакоенасці даюць ім надзею і ўпэўненасць?» – адзначыла яна.

Ціханоўская параўнала рэжым Лукашэнкі з вірусам, які імкнецца заняволіць увесь арганізм, і прапанавала тры этапы збавення ад яго: ізаляцыя (непрызнанне), лячэнне (пазбаўленне рэсурсаў) і фармаванне імунітэту (пашырэнне дапамогі грамадзянскай супольнасці). Акрамя гэтага, яна заклікала не прызнаваць ніякія дамовы, падпісаныя ўладамі ў Мінску, не прызначаць новых амбасадараў у Беларусь, не запрашаць яе прадстаўнікоў на спартовыя ці культурныя мерапрыемствы, а таксама прыпыніць яе ўдзел у Інтэрполе.

На выступленне Ціханаўскай еўрапейскія дэпутаты адрэагавалі авацыяй, якая доўжылася каля хвіліны.

Back to top button