Беларускія кіберпартызаны атакавалі чыгунку

Аб’яднанне хактывістаў «Кіберпартызаны» ў межах кібердыверсійнай кампаніі «Пекла» атакавалі камп’ютарную сетку Беларускай чыгункі: перасталі працаваць серверы і ўнутраныя службы, білеты немагчыма набыць праз інтэрнэт.

«Кіберпартызаны» зашыфравалі асноўную частку сервераў, баз даных і працоўных станцый БЧ. Гэта мусіць запаволіць работу чыгуначнай сеткі, з дапамогай якой ідзе перакіданне ў Беларусь расійскіх войскаў на падставе правядзення сумесных вучэнняў. У якасці доказу паспяховага правядзення кібератакі апублікаваны скрыны з сервера бэкапаў падчас іх знішчэння. Аўтаматыка і сістэмы бяспекі свядома не закрануты кібератакай, каб пазбегнуць аварыйных сітуацый.

У абмен на ключы шыфравання хактывісты патрабуюць вызваліць 50 палітвязняў, якія маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе, а таксама спыніць прыбыццё расійскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі. Кібератаку яны патлумачылі тым, што ў гэтыя дні «рэжым Лукашэнкі прапускае акупацыйныя войскі на нашу зямлю».

У студзені 2021 года Расія і Беларусь абвясцілі пра сумесныя ваенныя вучэнні. Пры гэтым расійскія войскі канцэнтруюцца недалёка ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Захад асцерагаецца, што Расія нарошчвае групоўку на гэтых тэрыторыях для наступнага ўварвання ва Украіну.

«Кіберпартызаны» ўпершыню заявілі пра сябе ўвосень 2020 года – неўзабаве пасля пачатку ў краіне масавых пратэстаў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Група распачала шэраг хакерскіх нападаў і апублікавала шэраг матэрыялаў, якія кампраметуюць дзейную беларускую ўладу.

Back to top button