Джонсан — Ціханоўскай: “Мы захапляемся адвагай беларускіх ваяроў”

Святлана Ціханоўская пачала свой візіт у Лондан, дзе сустрэлася з былым прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Борысам Джонсанам. Бакі абмеркавалі сітуацыю ўнутры краіны, беларускіх партызан і дапамогу беларускім валанцёрам ва Украіне.

Ціханоўская пракаментавала нядаўнюю смелую акцыю беларускіх партызан па пашкоджанні расійскага самалёта А-50 на аэрадроме недалёка ад Мінска, адзначыўшы, што гэта сведчыць аб няўпэўненасці і слабасці рэжыму. Барыс Джонсан адзначыў, як шмат беларусы робяць для падтрымкі Украіны:

“У кантэксце таго, што адбываецца ва Украіне, мы павінныя памятаць і пра Беларусь. У прыватнасці, трэба адзначыць адвагу і гераічнасць беларускіх змагароў за свабоду, якія змагаюцца за яе і ва Украіне і ўдзельнічаюць у вызваленні краіны ад войска Пуціна. Мы сапраўды захапляемся адвагай беларускіх ваяроў”.

Таксама падчас візіту ў Лондан Святлана Ціханоўская наведала Міністэрства замежных спраў, дзе сустрэлася з міністрам замежных спраў Джэймсам Клеверлі і міністрам па справах Еўропы Леа Докерці. З імі лідэрка дэмакратычнай Беларусі абмеркавала сітуацыю з рэпрэсіямі ў Беларусі і падтрымку міжнароднай платформы збору доказаў злачынстваў Лукашэнкі, якая ўжо сабрала больш за 15 тысяч дакументаў – гэта неабходна для будучага суда. Таксама бакі абмеркавалі магчымасць адкрыцця крымінальнай вытворчасці супраць рэжыму Лукашэнкі ў межах Міжнароднага крымінальнага суда. Ціханоўская адзначыла, што вельмі важна, каб Лукашэнка не пазбег адказнасці не толькі за ваенныя злачынствы, але таксама і за злачынствы супраць чалавечнасці.

Back to top button