Гібель Вітольда Ашурка: што скрываюць турэмныя муры

Былыя палітвязьні Віктар і Сяргей, якія таксама адбывалі пакараньне ў Шклове, падзяліліся інфармацыяй, якую здолелі здабыць у калёніі пра сьмерць Вітольда Ашурка.

Нагадаем, што Вітольд Ашурак – актывіст з Бярозаўкі, сябра партыі БНФ ды каардынатар руху “За свабоду”. Яго затрымалі ў верасьні 2020 году, пазьней прысудзілі пяць гадоў зьняволеньня за ўдзел у акцыях пратэсту. Пакараньне ён адбываў у шклоўскай калёніі. 21 траўня 2021 году Ашурак загінуў за кратамі пры нявысьветленых абставінах. Крымінальнай справы па факце сьмерці заводзіць ня сталі. Паводле афіцыйнай вэрсіі ён памёр ад “спыненьня сэрца”. Родныя і паплечнікі палітвязьня перакананыя ў гвалтоўным характары ягонай сьмерці. Пра гэта таксама распавядаюць былыя палітзьняволенныя Сяргей (імя зьмененае на просьбу героя) і Віктар Пархімчык.

Сяргей расказвае, што трапіў у калёнію як фігурант крымінальнай палітычнай справы. Ён ня думае, што гібель Вітольда Ашурка была мэтанакіраваным забойствам.

Мэтай было не забіць, а зламаць маральна.

“Яны не разьлічылі, што арганізм ня вытрымае і чалавек проста памрэ. Мэта была зламаць яго маральна”, — перакананы Сяргей.

Вітольда білі за ягоны характар і выказваньні. На яго ціснулі і маральна, і фізычна. Бо ён быў небясьпечны для адміністрацыі. Менавіта праз тое, што адкрыта выказваў свае думкі і такім чынам падрываў аўтарытэт адміністрацыі калёніі“.

“У мяне склалася ўражаньне, што Вітольд меў лідэрскія здольнасьці, — дадае Пархімчык. — Ён паказваў свой характар. Таму яго і “прэсавалі, каб, як яны самі казалі, “паставіць на месца, дабіцца ад яго паслухмянасьці. Ён быў годны чалавек, прынцыповы. Такога пакарыць было складаней.

З камэры, дзе сядзеў Вітольд, былі чуваць крыкі.

“Немагчыма там самому сабе нанесьці пашкоджаньні, як сьцьвярджала адміністрацыя калёніі пасьля гібелі Вітольда. Як было на відэа, дзе ён ходзіць па камэры і потым падае і б’ецца галавой. Па-першае, у ШЫЗА ты сядзіш пад камэрамі назіраньня ўвесь час. Па-другое, кожныя 5-10 хвілін да цябе зазірае ахоўнік. Вязьні, зь якімі я перасякаўся, кажуць, што Вітольда білі. Бо ён, бадай, адзіны быў у калёніі, хто мог адкрыта выказваць свае думкі і сваё стаўленьне да адміністрацыі. Ён называў іх адкрыта “здраднікамі і ворагамі””, — распавядае былы зьняволены.

Пра гэта таксама кажа і Пархімчык: “Людзі, якія сядзелі ў суседняй камэры з ШЫЗА, дзе быў Вітольд, казалі мне, што чулі з камэры Вітольда крыкі і чулі голас Сяргея Карчэўскага, начальніка рэжымнай часткі. Я не магу сказаць, што яны мелі мэту менавіта забіць Вітольда. Я проста ня ведаю. Можа быць, яго моцна пабілі, і ён памёр ад траўмаў“.

Ня дзіва, што Вітольд выглядаў зьнясіленым.

Блізкія і сябры Вітольда зазначалі ў размовах з журналістамі, што на відэа з калёніі, дзе палітвязень пáдае ў камэры ШЫЗА, відаць, які худы і зьнясілены.

“Гэта ня дзіва. Адзін знаёмы зьняволены за два тыдні страціў 20 кіляграмаў вагі. Актыўных адміністрацыя ставіць на самую цяжкую працу, на начныя зьмены. Вось пацягае чалавек ноччу бярвеньні, потым ня высьпіцца днём. Калі “палітычны” — то ён пазбаўлены перадач як “злосны парушальнік”. Харчаваньне на зоне ніякае. Мала сьпіш, мала ясі, шмат і цяжка працуеш — вось чалавек і зьнясілены. Пакачаеш начамі бярвеньне, то, вядома, будзеш сухі як трэска“, – кажа Сяргей.

Людзей б’юць проста так, асабліва палітычных.

Мэта прэсінгу, па словах Віктара, трымаць вялікую колькасьць зьняволеных у поўным падпарадкаваньні. Другая мэта, кажа ён, — так званая “генэральная лінія партыі“. Такім чынам прасьцей трымаць у страху вялікую колькасьць звычайных грамадзян краіны, каб яны баяліся нешта зрабіць і трапіць за краты.

“Я спытаўся ў аднаго супрацоўніка калёніі: “Для чаго вы гэта робіце?“ Ён мне адказаў, што “мы будзем цябе катаваць, каб ты больш не хацеў сюды вярнуцца“, — дадаў Віктар.

Вітольда пахавалі на бярозаўскіх могілках пад бел-чырвона-белым сьцягам і з гімнам “Магутны Божа». Як выказалася паплечніца і сяброўка Вольга Быкоўская: “Вітольд — гэта адзін з самых прынцыповых, сумленных і сапраўдных людзей, з якімі я знаёмая“. А сам Вітольд казаў:

Што тычыцца мяне, то тэрмін у 5 год я ўспрымаю як адзнаку “выдатна” за тое, што меў гонар падняць паходню паўстання супраць дыктатуры сярод самых лепшых людзей Ліды! Сапраўды, для мяне гэта гонар!

Back to top button