Што вядома пра напад беспілотнікаў на расійскі ваенны самалёт у Мачулішчах?

Раніцай 26 лютага з ваеннага аэрадрома ў Мачулішчах недалёка ад Мінска данеслася некалькі выбухаў. Пазней аб’яднанне былых сілавікоў BYPOL паведаміла, што беларускія ўдзельнікі плана “Перамога” пашкодзілі расійскі выведвальны самалёт А-50 з дапамогай беспілотнікаў з дыстанцыйным кіраваннем.

Як заявіў кіраўнік аб’яднання Аляксандр Азараў, былі пашкоджаны пярэдняя і цэнтральная часткі самалёта, авіёніка і радыёлакацыйная антэна. Самалёт коштам больш за 330 мільёнаў долараў быў вельмі важным для карэктавання ўдараў расійскіх ракет па тэрыторыі Украіны.

У той самы дзень у Беларусі з’явіліся дадатковыя пасты ДАІ і праверкі на стратэгічна важных дарогах. Пасля гэтага з’явіліся паведамленні аб тым, што на мяжы ўзмацнілі жорсткасць памежны кантроль, а ў вышук абвясцілі выхадца з Крыма, якога называюць датычным да гэтага інцыдэнту. Акрамя таго, у Беларусі сталі правяраць уладальнікаў дронаў. Паводле звестках праваабарончага цэнтра “Вясна” толькі ў Дзяржынску былі затрыманыя не менш за 6 чалавек, якіх затым асудзілі на 2 сутак арышту нібыта за “непадпарадкаванне”. Паведамляецца, што пасля затрымання людзей збівалі.

28 лютага былі апублікаваныя спадарожнікавыя здымкі аэрадрома ў Мачулішчах, зробленыя аэракасмічнай кампаніяй Maxar Technologies пасля меркаванага ўдару. Мяркуючы па фота, самалёт усё яшчэ знаходзіцца на аэрадроме і фатальных пашкоджанняў не атрымаў. Тым не менш, на радыёлакацыйнай антэне самалёта, пра пашкоджанне якой раней заяўлялі ў BYPOL, бачныя цёмныя плямы.

Беларускі рэжым два дні не каментаваў падзею. Затым намеснік міністра замежных спраў Беларусі Юры Амбразевіч адказаў на запыт Reuters: “Улічваючы адсутнасць афіцыйнага адказу, я глыбока перакананы, што гэта чарговы падман, закліканы падкрэсліць пэўныя слабасці ў нашай нацыянальнай бяспецы”.

Вядомы аналітык Аляксандр Класкоўскі адзначае, што ўлады “ўжо пацярпелі капітальнае піяраўскае паражэнне. Трэба было або адразу абвяргаць, або ладзіць публічны разбор палётаў”. Ён упэўнены, што гэты скандал “б’е па прапагандысцкім канструкце, што Беларусь, маўляў, астравок стабільнасці сярод звар’яцелага свету”.

Back to top button