Святлана Ціханоўская наведала Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы

Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Прадстаўнікі беларускага рэжыму запрошаныя не былі. У межах канферэнцыі С. Ціханоўская правяла шэраг працоўных сустрэч: з еўракамісаркай па ўнутраных справах Ільвай Ёхансан, кіраўніцай МВФ Крысталінай Георгіевай, прэзідэнтам Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа Петэрам Маўрэрам, прэзідэнтам Чарнагорыі Міло Джуканавічам, міністрамі замежных спраў Аўстрыі, Ісландыі і Аўстраліі, а таксама бізнесменам і мецэнатам Білам Гейтсам.

На сустрэчы з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам С. Ціханоўская абмеркавала міжнародную рэакцыю на дзеянні рэжыму і адзначыла, што сітуацыя з правамі чалавека пагаршаецца, а рэжым пачынае гандляваць беларускім суверэнітэтам. Пры сустрэчы з мэрам Кіева Віталём Клічкам лідэрка беларускай апазіцыі падзякавала яму за вялікі бел-чырвона-белы сцяг, змешчаны над мэрыяй, і ўзняла пытанне пра дапамогу беларускай дыяспары ў Кіеве.

Back to top button