2021-09-15
Урсула фон дэр Ляйен.

Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен абвінаваціла беларускія ўлады ў гібрыднай атацы з мэтай дэстабілізацыі Еўрасаюза. У якасці сродку выкарыстоўваюцца мігранты. Пра гэта яна заявіла, выступаючы ў Еўрапарламенце з дакладам пра стан ЕС: «Паглядзіце, што адбылося каля нашых межаў з Беларуссю! Мінскі рэжым цынічна выкарыстаў людзей. Людзей пасадзілі ў самалёты і літаральна выштурхнулі да межаў Еўропы. Мы не пацерпім такіх дзеянняў, і хуткая еўрапейская рэакцыя гэта даказала. Будзьце ўпэўненыя, мы працягнем падтрымліваць Літву, Латвію і Польшчу. І назавем рэчы сваімі імёнамі: гэта гібрыдная атака з мэтай дэстабілізаваць Еўропу».

Кіраўніца Еўракамісіі адзначыла, што ў межах працы па ўдасканаленні шэнгенскай прасторы будзе ісці пошук новых спосабаў рэагавання на падобную агрэсію.

Міграцыйны крызіс на ўсходніх межах ЕС паўстаў вясной 2021 года з прычыны рэзкага павелічэння наплыву нелегальных мігрантаў з краін Блізкага Ўсходу і Афрыкі. Польшча, Літва, Латвія ўжо некалькі месяцаў фіксуюць тысячы спробаў нелегальна перасекчы іх межы з боку Беларусі.

Толькі за 14 верасня Польшча павярнула на мяжы 230 нелегалаў. Чацвёра затрыманыя за дапамогу ў нелегальнай міграцыі. Латвійскія памежнікі не ўпусцілі ў краіну 15 чалавек. За мінулыя содні Літва затрымала 5 нелегальных мігрантаў з Афганістана. Ім дазволяць папрасіць прытулак.