Да 18 гадоў зняволення: жорсткія прысуды па справе Ціханоўскага

;

Беларускі блогер і незарэгістраваны кандыдат у прэзідэнты Сяргей Ціханоўскі асуджаны на 18 гадоў пазбаўлення волі. Яго паплечнікам Арцёму Сакаву і Дзмітрыю Папову прысудзілі 16 гадоў, журналістам Ігару Лосіку і Уладзіміру Цыгановічу – 15 гадоў, а апазіцыянеру Мікалаю Статкевічу – 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму.

Абвінавачанні ахоплівалі «арганізацыю масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся ўзброеным супрацівам», «распальванне сацыяльнай варажнечы», «перашкоды працы ЦВК». Паседжанні суда праходзілі ў закрытым рэжыме, адвакатаў абвінавачаных прымусілі даць падпіску пра неразгалошванне. Такім чынам, усе дэталі працэсу засталіся ўтоенымі ад грамадскасці. Вынесеныя палітзняволеным выракі вылучаюцца беспрэцэдэнтнай жорсткасцю нават на фоне гучных спраў Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай.

«Дыктатар публічна помсціць сваім наймацнейшым супернікам. Хаваючы палітвязняў у закрытых судовых працэсах, ён спадзяецца працягваць рэпрэсіі ўпотай, але ўвесь свет назірае за гэтым. Мы не спынімся», – заявіла жонка Сяргея Ціханоўскага, лідэрка апазіцыі Святлана Ціханоўская.

Палітыкі ЕС і ЗША, у тым ліку Энтані Блінкен, Аналена Бербок і Матэўш Маравецкі, рэзка асудзілі велічэзныя тэрміны зняволення і заклікалі да неадкладнага і безумоўнага вызвалення больш за 900 палітычных вязняў. Віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента Раберта Метсала напісала: «Еўропа не адвернецца. Свет не пакіне без увагі тое, што адбываецца. Лукашэнка будзе прыцягнуты да адказнасці. Беларусь будзе свабоднай».

Back to top button