2022-05-18
Павел «Волат» са сваёй ротай. Фота: батальён Каліноўскага.

16 траўня ў баях за ўкраінскую вёску загінуў Павал “Волат”, камандзір роты ў складзе беларускага батальёна імя Кастуся Каліноўскага. Паводле яго таварышаў па службе, баец атрымаў цяжкае раненне падчас аперацыі па вызваленні вёскі ад расійскіх войскаў і памёр па дарозе ў шпіталь. Воіны роты, якой камандаваў Павел, гавораць пра яго як пра стрыжань, сэрца і дух усёй роты. Многім ён выратаваў жыццё сваёй смеласцю і стойкасцю. Шмат разоў быў паранены, але кожны раз вяртаўся ў строй.

Павел «Волат» – ужо шосты беларускі баец, што загінуў пры абароне Украіны ад расійскай агрэсіі.

27-гадовы Ілля Хрэнаў з пазыўным «Ліцвін» быў забіты 3 сакавіка ў баях пад Бучай, усяго 9 дзён пасля пачатку вайны. Ён шмат гадоў жыў ва Ўкраіне і адправіўся на зборы ў першы ж дзень расійскага ўварвання. Пасля бою яго цела не змаглі выцягнуць пад абстрэламі. Толькі ў красавіку, пасля вызвалення рэгіёна, яго здолелі знайсці і пахаваць.

Медык і ваенны інструктар УСУ Аляксей «Тур» Скобля загінуў, абараняючы Кіеў. На працягу тыдня перад гэтым ён выратаваў дзесяцёх аднапалчан. 13 сакавіка пры выкананні баявога задання група 31-гадовага Скоблі патрапіла ў засаду. Нягледзячы на сур’ёзнае раненне, ён змог прыкрыць адыход астатніх байцоў – усе яны засталіся жывымі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасмяротна ўзнагародзіў Аляксея званнем «Герой Украіны».

Беларусы Канстанцін Дзюбайла, Дзмітрый Рубашэўскі і Дзмітрый Апанасавіч таксама загінулі ў баявых дзеяннях, змагаючыся на баку Украіны.

Лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская спачувае родным і блізкім забітых: «Смерць любога беларуса – велізарная трагедыя для ўсіх нас». Яна ўпэўнена, што пра іх будуць памятаць: «Усе яны – героі, а героі назаўжды застаюцца ў памяці людзей».