Пачаўся суд над Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам

У Мінску пачаўся суд па крымінальнай справе прадстаўнікоў каманды экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, членаў прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) беларускай апазіцыі Марыі Калеснікавай і Максіма Знака. Суд праходзіць у закрытым рэжыме, нягледзячы на тое, што больш за 3800 чалавек, у тым ліку палітыкі і грамадскія актывісты з розных краін, патрабавалі зрабіць працэс адкрытым.

Абодвум абвінавачаным пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Іх абвінавачваюць па ч. 3 артыкула 361 (Заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі), ч. 1 арт. 357 (Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361–1 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраванне ім). Адвакаты вязняў кажуць, што фактычна Максім Знак падпаў пад крымінальны пераслед ў сувязі з выражэннем свайго прафесійнага меркавання па прававых пытаннях і рэалізацыяй фундаментальных правоў, а дзеянні Калеснікавай былі накіраваны не на прычыненне, а на прадухіленне шкоды нацбяспецы.

Праваабарончыя арганізацыі прызналі Калеснікаву і Знака палітвязнямі. На судзе абодва палітвязні выпраменьвалі спакой і ўпэўненасць, а Марыя прыскоквала ў клетцы, усміхалася і паказвала свае фірмовыя сэрцайкі, якія палюбілі мільёны беларусаў.

Back to top button